Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Казуліна: “Мэдычную экспэртызу здароўя майго мужа зацягваюць”


Радыё Свабода Вынікаў судова-мэдычнай экспэртызы былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна ягонай жонцы Ірыне не паведамілі. Адвакат Казуліна рыхтуе чарговую скаргу, дамагаючыся зьмены меры стрыманьня.

З Аляксандрам Казуліным у Жодзінскай турме сустрэліся ягоная жонка Ірына і адвакат Ігар Рынкевіч. Паводле Ірыны Казулінай, здароўе мужа пасьля арышту пагоршылася, застаюцца наступствы зьбіцьця і жорсткага абыходжаньня.

(Казуліна: ) “Кісьці рук яму дагэтуль баляць. Калі везьлі ў турму і заціснулі рукі кайданкамі, ён папрасіў аслабіць, але, канечне, нічога не зьмянілі. Пасьля Аляксандар казаў, што першы час як зьнялі кайданкі, ён увогуле не адчуваў рук”.

Паводле Ірыны Казулінай, муж прасіў перадаць яму ў турму трэнажнік, каб распрацоўваць рукі й вярнуць ім адчувальнасьць.

Між тым, дагэтуль не вядомыя вынікі судова-мэдычнай экспэртызы Аляксандра Казуліна, якую правялі дактары пасьля ягонага арышту. Нагадаем, 2 сакавіка, а таксама 25 сакавіка экс-кандыдат на прэзыдэнта быў зьбіты амапаўцамі. Ён патрабаваў далучыць зьвесткі судова-мэдычнай экспэртызы да сваёй крымінальнай справы. Сёньня, 18 красавіка, Ірына Казуліна зьвярталася ў шпіталь, дзе знаходзяцца зьвесткі экспэртызы, але зь імі яе не азнаёмілі.

(Казуліна: ) “Цягнуць. Зь іншага боку, агляд зроблены, усё зафіксавана, і нікуды яны не падзенуцца. Але ж з 2 сакавіка мусілі ўжо і вынік нейкі даць”, — пракамэнтавала сытуацыю Ірына Казуліна.

У шпіталі затрымку з вынікам экспэртызы тлумачаць тым, што з паліклінікі па месцы жыхарства Аляксандра Казуліна дагэтуль не прыйшла ягоная мэдычная карта.

Тым часам адвакат спадара Казуліна Ігар Рынкевіч ня кідае спробаў дамагчыся зьмены стрыманьня для свайго падабароннага — ён імкнецца, каб арышт замянілі на падпіску пра нявыезд. Адну скаргу адваката суд ужо адхіліў, цяпер рыхтуецца другая скарга. Яе тэкст сёньня адвакат узгадніў з Аляксандрам Казуліным.

***

Аляксандар Казулін быў зьбіты двойчы — 2 сакавіка, калі спрабаваў прайсьці на Ўсебеларускі сход, і 25 сакавіка падчас шэсьця з калёнай дэманстрантаў да турмы на Акрэсьціна. Палітыка абвінавацілі ў злосным хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG