Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаронены туркмэнскі аўтар ўганараваны прэміяй ПЭН-асацыяцыі


Валер Каліноўскі, Прага Сёньня ў Нью-Ёрку карэспандэнт Радыё Свабода, туркмэнскі пісьменьнік Рахім Эсэнаў атрымае прэмію “Права пісаць” Міжнароднай пісьменьніцкай праваабарончай асацыяцыі. Для 79-гадовага аўтара паездка ў Нью-Ёрк сталася першай вандроўкай за мяжу пасьля ягонага арышту ў 2004 годзе і пісьмовай забароны на выезд з Туркмэністану – такім чынам ён быў пакараны за свой гістарычны раман “Увенчаны вандроўнік”.

Прэмія міжнароднай ПЭН-асацыяцыі “Свабода пісаць” імя Барбары Голдсьміт, якой уганараваны туркмэнскі пісьменьнік і журналіст Радыё Свабода, – самая прэстыжная ў галіне абароны пісьменьніцкіх правоў. Звычайна яе атрымліваюць аўтары, якія перасьледуюцца за абарону свабоды слова, у тым ліку і ў выглядзе турэмнага зьняволеньня.

У 2004 годзе спадара Эсэнава арыштавалі, калі ён спрабаваў увезьці ў Туркмэністан частку накладу сваёй кнігі “Увенчаны вандроўнік”. Тады яго абвінавацілі ў “распальваньні сацыяльнай, этнічнай і рэлігійнай варожасьці”. Кнігі былі зьнішчаныя. Аўтар у турме перажыў інфаркт. Яго вызвалілі толькі пад моцным ціскам міжнароднай грамадзкасьці.

Спадар Эсэнаў кажа, што ў творчасьці яго натхняе вера ў перамогу дабра над злом:

(Эсэнаў: ) “Я аптыміст па сваёй натуры. Я веру ў добры пачатак у чалавеку. Веру ў гэта, і якімі б не былі перашкоды, я думаю, што дабро пераможа зло. Гэта мяне грэе і падтрымлівае”.

Галоўны герой забароненага ў Туркмэністане рамана Рахіма Эсэнава – Байрам Хан, сярэднявечны паэт, філёзаф і вайсковы генэрал, які зьберагаў сваю краіну, будучы Туркмэністан, ад раздробленасьці.

Аднак аўтарытарны прэзыдэнт цяперашняга Туркмэністану Сапармурат Ніязаў назваў гэты раман “гістарычна непраўдзівым” і забараніў яго ў 1997 годзе, калі Эсэнаў адмовіўся перарабіць раман пад густы прэзыдэнта.

Рахім Эсэнаў быў карэспандэнтам “Праўды” і міністрам культуры ў Савецкім Туркмэністане, ён аўтар 20 кніг. Пасьля распаду СССР ён пачаў супрацоўнічаць з туркмэнскай службай Радыё Свабода, што было ўспрынятае ўладамі вельмі нэгатыўна.

На мінулым тыдні Рахім Эсэнаў пад ціскам міжнародных праваабарончых груп атрымаў дазвол туркмэнскіх уладаў на выезд за мяжу на цырымонію ўзнагароджаньня ў Нью-Ёрк.
XS
SM
MD
LG