Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць палякаў ня хочуць выходзіць у інтэрнэт


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы распаўсюджаныя даволі нечаканыя вынікі дасьледаваньняў, паводле якіх большасьць палякаў ня хочуць і не зьбіраюцца карыстацца ў найбліжэйшай пэрспэктыве інтэрнэтам.

У Польшчы прыватны кампутар у хаце мае амаль кожны другі жыхар краіны, а доступ да інтэрнэту – прыкладна кожны трэці. Што такое інтэрнэт, ведаюць нават дзеці дашкольнага веку.

(Хлопчык: ) “У інтэрнэце можна пра ўсё даведацца, напрыклад, што колькі каштуе”.

Усё больш актыўна усясьветным сецівам карыстаюцца таксама людзі сталага веку – некаторыя зь іх штодзённа сядзяць у варшаўскіх інтэрнэт-кавярнях па некалькі гадзінаў.

(Пэнсіянэр: ) “Нічога ў гэтым кампутары страшнага няма, трэба толькі практыкі паболей – вельмі цікава”.

Між тым, адначасова, ёсьць вялізная колькасьць людзей – амаль 59% жыхароў Польшчы, якія кажуць, што не карыстаюцца інтэрнэтам. Ня хочуць мець мабільных тэлефонаў аж 45% апытаных.

Прычым справа ня толькі ў тым, што на інтэрнэт і мабільныя тэлефоны трэба выдаваць дадатковыя грошы, але таксама ў прынцыповым падыходзе – шэраг палякаў лічаць, што гэта вядзе да залежнасьці, стварае сытуацыю, калі чалавек нідзе ня можа адчуваць сябе сам-насам, напрыклад, з прыродай, ня можа спакойна адпачываць.

(Маркоўскі: ) “Мабільны тэлефон становіцца як бы новым чальцом сям’і, часам нават больш важным, чым усе астатнія”, – кажа псыхоляг Ежы Маркоўскі.

Некаторыя не карыстаюцца інтэрнэтам з-за росту колькасьці інтэрнэт-злачынцаў, якія крадуць нумары крэдытовых картак, ашукваюць карыстальнікаў сеціва на віртуальных аўкцыёнах ці здымаюць грошы з чужых банкаўскіх рахункаў праз інтэрнэт.

Аднак паводле адмыслоўцаў, колькасьць тых, хто не карыстаецца інтэрнэтам і мабільнымі тэлефонамі будзе зьмяншацца – бяз гэтага становіцца ўсё цяжэй знайсьці працу ці ўтрымацца на сваёй цяперашняй пасадзе.
XS
SM
MD
LG