Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За партрэтам вялікага рускага паэта пойдуць студэнты кансерваторыі, загрыміраваныя пад кампазітараў Рымскага-Корсакава і Чайкоўскага” (1936)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 18 красавіка. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.

“Сялянская ніва”, 1926 год. Ліст зь мястэчка Казлоўшчына, што на Слонімшчыне:

“У прайшоўшую нядзелю ў нас, першы раз мусіць як стаіць мястэчка, можна было бачыць цікавы аб’яў нацыянальнай сьведамасьці праваслаўных беларусаў. Падчас казаньня расейскага з царквы дэманстрацыйна выйшаў увесь народ апроч жанчын. Пры выхадзе чуліся пратэсты: “Мы беларусы, чытай беларускія казаньні, а не расейскія, не разумеім!” Па выхадзе народ увесь сабраўся на вуліцы і доўга ўзбураны абгаварваў паступкі папа вядомага “беларусаеда”.

“Комуніст”, 1936 год:

“Надзвычай цікава афармляецца першамайская калона Менскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Луначарскага. Студэнты і выкладчыкі кансерваторыі ўперадзе калоны панясуць упрыгожаны жывымі кветкамі вялікі партрэт Сталіна. Дзесяткі спевакоў, апранутых у народныя беларускія касцюмы, будуць спяваць новыя песні аб чэлюскінцах, “Выпраўляла маці сына” Янкі Купалы і інш. Уся калона афармляецца на тэму “Пушкін у музыцы”. За партрэтам вялікага рускага паэта пойдуць студэнты кансерваторыі, загрыміраваныя пад кампазітараў Рымскага-Корсакава і Чайкоўскага…”

“Народная газета”, 1996 год. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь:

“1. За грубае парушэньне, сур’ёзныя хібы ў забесьпячэньні правапарадку на тэрыторыі Беларусі панізіць генэрал-маёра ўнутранай службы Захаранку Юр’я Міхайлавіча ў спэцыяльным званьні да палкоўніка міліцыі… 2. Міністру ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь звольніць палкоўніка міліцыі Захаранку Ю.М. з органаў унутраных справаў у запас па выслузе гадоў, якая дае яму права на пэнсійнае забесьпячэньне…”
XS
SM
MD
LG