Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці чытаюць жыхары Менску беларускія кнігі?


Радыё Свабода Ці памятаеце вы апошнюю прачытаную вамі беларускую кнігу? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Юначка: ) “Я чытала толькі ў школе Васіля Быкава “Знак бяды”. Толькі па ваеннай тэматыцы”.

(Карэспандэнтка: ) “Якая апошняя беларуская кніжка, якую вы чыталі?”

(Юнак: ) “Быкава штосьці. Гэта яшчэ ў школе было, бо ўвогуле нічога не чытаю, толькі па-ангельску чытаю”.

(Юначка: ) “Ва ўнівэрсытэце мне патрэбна было прачытаць “Новую зямлю” Якуба Коласа. Бо я лепш разумею расейскую мову, яна мне больш да сэрца”.

(Спадарыня: ) “Я ўвогуле вельмі люблю беларускіх пісьменьнікаў, асабліва Шамякіна. Кнігі Шамякіна для мяне ўвогуле настольныя, а “Сэрца на далоні” — мая самая любімая. А так — і “Вясновыя ліўні”, “Атлянты й карыятыды”. І клясыка, натуральна”.

(Карэспандэнтка: ) “А што апошняе?”

(Спадарыня: ) “А вось апошняе — “Трыюмфальная арка”.

(Юнак: ) “Я ня памятаю, што дакладна, але гэта быў Янка Брыль. Падабаецца таксама Шамякін, але ня толькі Шамякін, але многія беларускія пісьменьнікі”.

(Спадарыня: ) “Ой, апошняя так даўно, пэўна, у дзяцінстве, калі па школьнай праграме праходзілі. Якуб Колас, Янка Купала, Багдановіч мне вельмі падабаецца, Багдановіч — гэта цудоўна. А больш зь беларускіх пісьменьнікаў я проста нікога ня ведаю. Я ведаю, ёсьць Чаргінец, але ён мне ня вельмі да душы”.

(Спадар: ) “Апошняе? Перачытваў Івана Навуменку “Смутак белых начэй”. Мне гэтую кнігу падарылі яшчэ ў дзявятай клясе ў лягеры працы й адпачынку за пасьпяховую працу”.

(Спадарыня: ) “На ростанях” Якуба Коласа. Даўно гэта было. Няма часу, гэта мы ў школе апошні раз чыталі, а школа была даўно. Вось ужо дзеці падрастаюць, хутка ў школу пойдуць”.

(Юнак: ) “У школе чытаў “Стрэл у акно” Васіля Хомчанкі. Гады тры таму гэта было”.

(Спадарыня: ) “Пэўна, гэта “Паўлінка” Янкі Купалы. Гэта, магчыма, мінулым летам было, а сёньня паглядзела спэктакль па тэлебачаньні. Беларускую літаратуру чытаць — ня вельмі, а вось паслухаць — цудоўна”.
XS
SM
MD
LG