Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: сацыял-дэмакраты пратэстуюць супраць звальненьня свайго калегі


Радыё Свабода Берасьцейская абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” пратэстуе супраць звальненьня партыйнага актывіста Валянціна Лазарэнкава.

У адмысловай заяве, якую прынялі берасьцейскія сацыял-дэмакраты, адзначаецца, што спадар Лазарэнкаў за дваццаць гадоў працы ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце ня меў спагнаньняў. Ягоная прафэсійная дзейнасьць была адзначаная падзякамі, пра што сьведчаць і запісы ў працоўнай кніжцы.

Фармальнай падставай для звальненьня сталася тое, што падчас выбарчай кампаніі Валянцін Лазарэнкаў быў затрыманы міліцыянтамі й асуджаны на 7 сутак арышту нібыта за хуліганства.

Аўтары заявы таксама нагадваюць, што спадар Лазарэнкаў кіруе першаснай арганізацыяй Свабоднага прафсаюзу ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце — адзінай у Беларусі незалежнай прафсаюзнай суполкі, створанай у ВНУ.

Цягам апошніх гадоў на Берасьцейшчыне былі звольненыя з працы амаль усе кіраўнікі рэгіянальных арганізацыяў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”.
XS
SM
MD
LG