Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плаціць за кватэру беларусы будуць значна больш


Іна Студзінская, Менск З 1 траўня павышаюцца цэны на электраэнэргію. А з 15 красавіка падняўся кошт тэхнічнага абслугоўваньня жылых памяшканьняў. У адпаведнасьці з пастановай Саўміну, з 1 чэрвеня будуць павышаныя тарыфы на ацяпленьне і гарачае водазабесьпячэньне. З 1 ліпеня вырасьце плата за халоднае водазабесьпячэньне і каналізацыю. Што стаіць за гэтымі падвышкамі?

Эканаміст Міхал Залескі на ўсе гэтыя падвышкі і рост тарыфаў адрэагаваў так:

(Залескі: ) “Гэта натуральны цынізм палітыкі, таму што, выйграўшы выбары, трэба правесьці непапулярныя меры на пачатку кадэнцыі, каб потым была магчымасьць праводзіць меры папулярныя пад канец”.

Кошт адной кіляват-гадзіны электраэнэргіі для дамоў з электраплітамі складзе 67,7 рублёў, для астатніх – 93,4 рублі. А вось уладальнікі катэджаў, якія для ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня карыстаюцца электракатламі магутнасьцю больш за 5 кіляват, уначы, з 23-й да 6-й раніцы, будуць плаціць 93 рублі за кіляват-гадзіну, а ў дзённы час у 5 разоў больш – 464 з паловай рублі. Таму ацяпляць катэджы выгадней уначы, раіць галоўны спэцыяліст упраўленьня кадраў канцэрну “Белэнэрга” Ўладзімер Кардуба.

(Кардуба: ) “Але калі вы вырашылі падагрэць сябе днём, як уключаюцца станкі на заводах, тралейбусы, трамваі, будзеце плаціць ў некалькі разоў больш”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта нейкія лічыльнікі асобныя павінны быць?”

(Кардуба: ) “Так, павінны быць лічыльнікі, якія фіксуюць кожную гадзіну”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж ня толькі для ўладальнікаў катэджаў, і для іншых людзей таксама цэны павысяцца...”

(Кардуба: ) “Людзі, якія маюць фэны, сушылкі, электрабрытвы (гэта ўсё ў межах невялікіх нагрузак да 5 кіляват), будуць плаціць 93 рублі за кіляват, як запісана ў дакумэнце”.

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што пераход на дзённыя і начныя тарыфы –нармальная зьява.

(Залескі: ) “Зьяўляецца ўжо тарыфікацыя пагадзінная, па пэрыядах году. Вазьміце вы “Financial Times”, паглядзіце, як там электраэнэргія прадаецца: памінутная тарыфікацыя, па хвілінках расьпісана ўсё”.

Адносна падвышэньня цэнаў на тэхабслугоўваньне Міхал Залескі выказаў такое меркаваньне:

(Залескі: ) “З абслугоўваньнем іншая рэч. Манапалізм вялікі ў ЖКГ. І пакуль ня будзе многа сыстэм абслугоўваньня жылых дамоў і кватэр, то гэтыя цэны будуць падвышацца аўтаматычна, сьледам за ростам заработнай платы. Яны папросту будуць забясьпечваць сабе самаакупнасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG