Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Макаеў: “Найлепшая абарона – тое, што за намі закон”


Радыё Свабода, Менск Мы працягваем расказваць пра былых палітвязьняў турмы на Акрэсьціна. Сярод арыштаваных падчас пратэстаў у Менску былі й актывісты прадпрымальніцкага руху.

Аляксандр Макаеў, прадпрымальнік, які працуе на рынку будаўнічых матэрыялаў у Ждановічах і ўзначальвае Каардынацыйную раду прадпрымальнікаў сталіцы, трапіў на Акрэсьціна на 15 сутак. Гэта было ўжо другое затрыманьне Макаева, першы раз далі 10 сутак за арганізацыю страйку прадпрымальнікаў.

Аляксандру 36 гадоў, гадуе дваіх дзяцей, ягоная сям’я чакае прыбаўленьня. Як удзел у палітыцы ўплывае на сям’ю?

(Макаеў: ) “Пакуль што ніяк. Але тут ужо выбар, ведаеце, зроблены сэрцам. Найлепшая для нас абарона – тое, што за намі закон, за намі праўда. Але жонцы цяжка. Яна тут нэрвавалася… Гэта вялікі мой боль. Трэба ўвесь час шукаць кампраміс, таму што сям’я патрабуе сілаў...”

Сакавіцкі страйк 2005 году ўцягнуў Аляксандра Макаева ў прадпрымальніцкі рух. А што ўвогуле прадпрымальнікаў выводзіць на пратэст?

(Макаеў: ) “Мы стварылі гэты рух, зыходзячы менавіта з эканамічных рэаліяў. Нам улада замінала працаваць. Год вялі перамовы і ўпэўніліся, што ніякія эканамічныя свабоды не існуюць без палітычных свабодаў. Мы бачым: для адных ёсьць закон, а для другіх ён ня пісаны. Для ўлады ён ня дзейнічае. Мы хочам права для ўсіх”.

Але 19 і 25 сакавіка прадпрымальнікаў у пратэставай грамадзе было зусім няшмат. Аляксандар гэта тлумачыць ня толькі страхам за свой бізнэс, але і ўплывам часткі лідэраў прадпрымальнікаў:

(Макаеў: ) “З маіх знаёмых прадпрымальнікаў я бачыў на Акрэсьціна двух хлопцаў. Зь сяброў, на жаль, толькі пару чалавек выйшла. Хлопцы былі з рэгіёнаў, а зь Менску такіх актыўных былі адзінкі. Страх ёсьць у грамадзтве, у тым ліку і сярод прадпрымальнікаў. Ну, былі прадпрымальнікі, і дапамагалі. Некаторыя езьдзілі ноччу, сустракалі палітвязьняў і на Акрэсьціна, і ў Жодзіна, і на Старабарысаўскі тракт, развозілі па дамах. Але масавага выступу прадпрымальнікаў на плошчы не было. Гэта адназначна. Я лічу, што гэты рух будзе пашырацца...”

Сябра Аляксандра Ігар Леднік – былы бізнэсовец. Цяпер – прадстаўнік праваабарончага руху “Наша Беларусь”. Леднік таксама адбыў пакараньне 10 суткамі арышту. Але агульную палітычную пасіўнасьць прадпрымальнікаў ён тлумачыць іначай:

(Леднік: ) “Прадпрымальнікі, вядома, бачаць тую несправядлівасьць, якая існуе ў дзяржаве. Тым больш, што гэта іх закранае ў першую чаргу. Таму што ўсялякімі дэкрэтамі і ўказамі, па сутнасьці, адбіраецца іх маёмасьць. І яны гатовыя б былі выйсьці, але, я лічу, тут не дапрацавана палітыкамі, ня створана адпаведная палітычная сытуацыя…”

Прадпрымальнікі – тая частка грамадзтва, якой сапраўды ёсьць што страціць. Аляксандар Макаеў цяпер стараецца працаваць як мага чысьцей. Ён упэўнены, што гэта дапаможа.

(Макаеў: ) “Калі зачыняць мяне, тады зачыняць, мабыць, усіх прадпрымальнікаў Беларусі... Пакуль што боязі няма. Мы прынцыпова законапаслухмяныя, падаткі плацім, стараемся працаваць...”
XS
SM
MD
LG