Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН дапаможа Беларусі аднавіць тарфяныя балоты


Міхал Стэльмак, Менск Праграма разьвіцьця ААН (ПРААН) пачынае ў Беларусі праект аднаўленьня тарфяных балот. Гэтая ініцыятыва скіраваная на прадухіленьне дэградацыі земляў, выміраньня флёры і фаўны, а таксама зьмены клімату.

Паводле навукоўцаў, ініцыятыва ПРААН мае карысьць як для Беларусі, так і для міжнароднай супольнасьці. Гаворыць навуковы кіраўнік праекту, кандыдат біялягічных навук Аляксандар Казулін:

(Казулін: ) “Нацыянальная праблема – гэта пажары на асушаных тарфяніках. А для сьвету, для Эўропы – гэта тое, што выдзяляецца СО2 у атмасфэру ў сувязі зь мінэралізацыяй торфу і зьменай клімату. Плюс яшчэ аднаўленьне страчанай біяразнастайнасьці і г.д. Таму і ўзяліся за гэтую працу”.

У Беларусі, паводле статыстыкі, 3 мільёны гектараў асушаных земляў. Які іх стан? Гаворыць эколяг зь Пінску Аляксей Дуброўскі:

(Дуброўскі: ) “Там, дзе прайшлі мэліяратары, асушылі, узаралі, атрымалі там бульбу ці жыта, то з пункту гледжаньня сельскай гаспадаркі, гэта, вядома, карысьць. А з пункту гледжаньня прыроды – гэта шкода. Вясною ў нас цяпер на Палесьсі шмат тарфянікаў узарана. А ў гэты час яны павінны быць занятыя або пад збожжавыя культуры, або пад травы, пад пашы, каб быў выган. Бо калі падсыхае добра, то вецер падымае ўсё гэта ў паветра і нясе зямлю ў канавы, у лес”.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі каля 400 тысяч гектараў асушаных тарфянікаў, якія сталі малапрыгоднымі для сельскагаспадарчага выкарыстаньня. Якраз на гэтых тарфяніках вельмі часта ўспыхваюць пажары. Штогод, паводле статыстыкі, такіх пажараў рэгіструецца каля 11,5 тысяч. Таму й вырашана распачаць зваротны працэс – аднаўленьне тарфяных балот.

Паводле фінансавага мэнэджара праекту ПАААН Вольгі Сьцепанюк, на яго рэалізацыю заплянавана выдаткаваць больш за два мільёны даляраў. Асноўны ўнёсак зробіць Глябальны экалягічны фонд. Паводле мэнэджара праекту Ягора Шарагі, рэалізацыяй праекту зоймецца беларускі Мінлясгас:

(Шараг: ) “Прыйшоў час, калі трэба брацца за гэтую працу. Мы думалі, што ў нас шмат тых балот. У рамках гэтага праекту каля 40 тысяч гектараў. Задача ня ў тым, каб шмат аднавіць. А задача ў тым, каб вывучыць, якім чынам гэта рабіць, бо гэта справа новая. Трэба адпрацаваць тэхналёгію, каб мець гарантыі, што гэта будзе правільна зроблена. Гэтая думка лунае ўжо даўно. І перш за ўсё ў тых, хто торф здабывае – яны ж бачаць, што застаюцца “рубцы” на той зямлі”.

Дарэчы, грошы на аднаўленьне беларускіх тарфяных балот выдаткоўвае таксама Каралеўскае таварыства абароны птушак зь Вялікай Брытаніі. Яго прадстаўнікі лічаць, што пасьля аднаўленьня беларускіх балот там зноў паселяцца і размножацца рэдкія балотныя птушкі, што знаходзяцца цяпер на мяжы зьнікненьня.
XS
SM
MD
LG