Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аплата за камунальныя паслугі зноў павялічыцца


Іна Студзінская, Менск З 1 траўня падвышаюцца тарыфы на электраэнергію для насельніцтва. А з 15 красавіка на 25 працэнтаў вырасла плата за тэхнічнае абслугоўваньне жылых памяшканьняў. Паводле кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага, зьмена тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі застаецца найбольш вострым пытаньнем.

Прэм''ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі, якога сёньня зноў зацьвердзіла на гэтай пасадзе Палата прадстаўнікоў, прызнаўся:

(Сідорскі: ) "Найбольш вострым пытаньнем у цэнаўтварэньні зьяўляецца зьмяненьне тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Узровень кампэнсаваньня сярэдніх тарыфаў за студзень-сакавік 2006 году, выдаткаў на аказаньне жыльлёва-камунальных паслугаў у цэлым па краіне склаў 48,1%".

Натуральна, гэтыя выдаткі неабходна кампэнсаваць. Тарыфы заставаліся нязьменнымі зь лістапада мінулага году, урад не ішоў перад выбарамі на непапулярныя захады. А цяпер эканамічная сытуацыя ў краіне даволі напружаная, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

(Злотнікаў: ) "Проста нястача грошай у дзяржаве, каб датаваць далей у тым аб''ёме, як гэта было раней. Зарплата ў апошнія некалькі гадоў абганяла рост валавага ўнутранага прадукту. Нейкая напружанасьць зьяўляецца з фінансамі ў дзяржаве. Ну і палітычная сытуацыя: хто ж перад выбарамі кошты падвышае?"

І ў канцэрне "Белэнерга", і ў Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Радыё Свабода паведамілі, што пры гэтым падвышэньні тарыфаў рост камунальных плацяжоў не перавысіць 5 даляраў у год. Летась гэтая лічба склала 4,8 даляры. Галоўны спэцыяліст Упраўленьня кадраў канцэрну "Белэнерга" Уладзімер Кардуба сьцьвярджае, што раней урад датаваў затраты, а цяпер проста вымушаны падвысіць кошты.

(Кардуба: ) "Яшчэ з Новага году павінна быць паступовае падвышэньне тарыфаў. І калі сьцюжа, маразы былі, урадам было прынятае рашэньне: "Давайце мы ня будзем падвышаць у першым квартале цэны". А цяпер ацяпленьне закончылася. І ўрадам прынята рашэньне: падвысіць з 1 траўня цану на энэргію. Але цяпер двухпрацэнтных прыростаў, як летась, ня будзе. Дай Бог, калі ня будзе ніякіх падвышак на газ ці на нешта іншае, мы будзем плаціць цэлы год па 93 рублі за кіляват-гадзіну".

Кошт адной кіляват-гадзіны для кватэраў і дамоў з электрычнымі плітамі складзе 67,7 рублёў, для ўсіх астатніх - 93,4 рублі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG