Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Аляксей Карпюк


Уладзімер Арлоў, Менск 14.4.1920, в.Страшава, Беласточчына – 14.7.1992, Горадня

У 1969 годзе канцылярыя ЦК КПСС атрымала сакрэтны ліст, у якім паведамлялася: “Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях писателей Карпюка и Быкова… Карпюк нелегально распространяет среди знакомых различные антисоветские пасквили… Отрицательно воздействует на молодежь…С санкции ЦК компартии республики готовятся мероприятия, направенные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц...” Пад лістом стаяў подпіс старшыні КДБ СССР Юрыя Андропава.

У дачыненьні да Аляксея Карпюка плянаваныя гэбістамі захады хутка выявіліся ў допытах, ператрусах, выключэньні з партыі. Яго, былога камандзіра партызанскага аддзелу імя Каліноўскага, кавалера савецкіх і польскіх баявых узнагародаў, на падставе сфабрыкаваных чэкістамі Фаміным і Клімовічам дакумэнтаў абвінавацілі ў калябарацыянізьме. Два гады Карпюк ня мог уладкавацца на працу.

Пазьней яго адновяць у партыі, але на самым пачатку 1990-х ён сам выйдзе зь яе. Праўда, пры гэтым партбілет пакіне сабе, напісаўшы ў заяве, што робіць гэта “на памяць пра летуценьні маладосьці”. Але летуценьнікам – і змагаром за свае ідэалы – ён будзе заставацца праз усё жыцьцё: і ў творчасьці, і на пасадзе сакратара Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў, і ў нязьменна вострых і дасьціпных прамовах на літарацкіх зьездах і пленумах.

Я пазнаёміўся зь ім якраз пасьля аднаго з такіх выступаў, у якім Аляксей Нічыпаравіч, абрынуўшыся на ўсеўладнасьць савецкае намэнклятуры, распавёў, як сын прэзыдэнта Эгіпту Насэра заваліў уступныя экзамэны ва ўнівэрсытэт. Распавёў, каб рытарычна запытацца ў залі: “Ці магчыма такое ў нас нават на ўзроўні дзяцей сакратара райкаму?”

Пры канцы 80-х ён уступіць у БНФ, заявіць пра сябе як пра таленавітага публіцыста, неартадаксальна трактуючы падзеі верасьня 1939 году і калектывізацыі.

Аднойчы на гарадзенскай вуліцы, ідучы амаль подбегам, каб не адстаць ад ягонай заўсёды шпаркай хады, я сказаў спадару Аляксею, што ці не найлепшым творам пра Заходнюю Беларусь лічу ягоны раман “Вершалінскі рай”. Інтэрвію Зянона Пазьняка, дзе той назаве Карпюкову Дануту з аднайменнай аповесьці (якая, дарэчы, перавыдавалася восем разоў) самым дарагім для яго жаночым вобразам у сусьветнай літаратуры, Аляксей Нічыпаравіч прачытаць ужо не пасьпее.

У Горадні дагэтуль няма вуліцы імя Карпюка, як і вуліцы імя ягонага сябра і аднадумца Васіля Быкава.
XS
SM
MD
LG