Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімафей Дранчук меў спатканьне з жонкай


Любоў Лунёва, Менск Вольга Анцыповіч наведала свайго мужа Цімафея Дранчука ў сьледчым ізалятары КДБ. Яна лічыць, што ёй дазволілі спатканьне з мужам з-за таго, што днямі ў іх нарадзіўся сын, паколькі сваякам іншых арыштаваных сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” сьледчыя адмаўляюць у спатканьнях.

Вольга Анцыповіч бачыла свайго мужа Цімафея Дранчука ў сьледчым ізалятары праз шкло крыху больш за дзьве гадзіны. Сьледчы дазволіў спатканьне цягам трох гадзінаў, але Вольга не магла на такі час пакінуць немаўлятка.

(Анцыповіч:) “Цімафей выглядае, калі можна так казаць, добра… Крыху схуднеў. Канешне, гэтае спатканьне ёсьць выпрабаваньнем. З аднаго боку, добра, што мы ўбачыліся. З другога – вельмі цяжка было размаўляць. Размова была праз шкло. Мы нават не змаглі абняцца, бо, каля яго вялі, то не далі яму прыпыніцца. Па ўсім відаць, што ён перажывае. Мы гаварылі пра сына: як нарадзіўся, як выглядае, на каго падобны. Цімафей некалькі разоў выказваў спадзяваньне, што ў хуткім часе зможа яго ўбачыць, але ўпэўненасьці, што ён хутка выйдзе, у яго абсалютна няма.”

У сьледчым ізалятары КДБ трымаюць пяцёх актывістаў незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Партнэрства”. Цімафея Дранчука, Аляксандра Шалайку, Міколу Астрэйку і Эніру Браніцкую затрымалі 21 лютага, а Дзяніса Нібійка – 16 сакавіка. У іх зрабілі ператрус і забралі ўсе носьбіты інфармацыі.

Актывістаў структуры, якая займаецца выключна назіраньнем за выбарамі, абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы грамадзянаў і стварае дэстабілізацыю ў грамадзтве.

Палітвязьні маюць магчымасьць ліставацца са сваякамі. Раз на два тыдні ім дазволеныя перадачы і раз на месяц – грашовыя пераводы да 50 000 рублёў. Ніводнаму з арыштаваных дагэтуль не дазволілі спатканьне са сваякамі. Выключэньне зрабілі для Цімафея Дранчука.
XS
SM
MD
LG