Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Да Аляксандра Рыгоравіча я як і большасьць пэнсіянэраў ставілася станоўча..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за панядзелак 17 красавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Мікалай Бельскі:) “Галоўная праблема вёскі – гэта п''яніцы. Калі ж іх выгнаць з працы, дзе ўзяць сьвядомых? Гэта праблема кіраўніцтва. А куды выгнаць? У горад? Лепей у Кітай, там добры выцьвярэзьнік. Каго на месца іх? Нарвэжцаў ці германцаў. Тады і з гораду вернуцца і зь Кітаю ўцякуць”.

(Шаўчэнка Валер, Наваполацк:) “Лічу, што хопіць адпачываць. Трэба хутка зьбіраць новы дэмакратычны кангрэс, які б падвёў бы вынікі выбараў і распрацаваў праграму тактычнага і стратэгічнага супраціву антынароднаму рэжыму, але не на падставе закрытай пяцёркі ці дзясяткі, а з удзелам усіх вядомых асобаў і недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў, ствараючы сапраўдны агульна-нацыянальны рух за свабоду, пачаткам якога павінен стаць шматтысячны Чарнобыльскі шлях”.

(Ніна Аляксееўна, Менск:) “Наконт званка, здаецца, з Гомеля наконт разбору палётаў і паездак Мілінкевіча, зь кім і дзе гэтыя разборкі праводзіць, на Акрэсьціна ці ў Жодзінскай турме. А пакуль Мілінкевіч зрабіў усё для звольненых з працы і адлічаных з вузаў. Дзякуй вам. Я галасавала за вас. Здароўя вам і посьпехаў!”

(Спадарыня:) “Хваліцеся, што вы беларусы, што пускаеце ў эфір розныя меркаваньні. Хлусьня! Маё меркаваньне вы баіцеся пускаць у эфір, баіцеся праўды, не дачытваеце да канца. А гэта кажа пра тое, што вы тыповыя дыктатары, бушаўскія халуі, што няма ў вас ніякай свабоды і дэмакратыі і да сапраўдных беларусаў вам не дацягнуцца. Вы Беларусь прадасьцё за даляр, як Іуда Хрыста. Маё меркаваньне ня мае патрэбы ў вашых камэнтарах. Я кажу коратка, дакладна, зразумела ўсяму люду. Так што пусьціце ў эфір маё меркаваньне цалкам. Ці вы баіцеся, што замежныя агрэсары вам не заплацяць за падрыў лжывага аўтарытэту?”

(Міхаіл Леках:) “Калі быў у Менску спрабаваў даведацца пра аб’яднаньне беларускай інтэлігенцыі, пра якую вяшчае беларуская “Свабода”, ці ёсьць там прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі, то бок інжынэры, вучоныя, дакладчыкі вузаў і г.д. І ніхто мне ня мог патлумачыць, колькі адсоткаў у гэтай кампаніі, пра якую вы кажаце, складае тэхнічная інтэлігенцыя. Дык назавіце хаця б дзясятак вядомых прозьвішчаў тэхнічнай інтэлігенцыі, спэцыялістаў-тэхнароў?”

(Спадар:) “Рада Эўрапейскага Зьвязу, ухваляючы санкцыі да 31 высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі, не закранула самых дзейных у дачыненьні да падзей, зьвязаных з выбарам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта Канстытуцыйны суд, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі. Да іх былі звароты аб антыканстытуцыйным і сфальшаваным рэфэрэндуме. Да іх зьвярталіся, каб унесьці папраўкі ў Выбарчы кодэкс. Гэта яны ўхваляюць нялюдзкія дэкрэты прэзыдэнта. Гэта яны на звароты і просьбы не зьвяртаюць увагі альбо даюць адмоўныя адказы”.

(Віктар Бутто:) “Аляксандру Мілінкевічу. Неабходна апазыцыі праводзіць шмат мерапрыемстваў з грамадзянамі з Расеі ў Маскве і іншых гарадах, у гэтай вельмі небясьпечнай дзяржаве для Беларусі. Бо апазыцыю і ўсіх нармальных грамадзян, якія пражываюць у Беларусі, большасьць у Расеі ўспрымае за найбольш небясьпечных іх ворагаў. Праца цяжкая і няўдзячная, якой будуць перашкаджаць вялікія чыноўнікі і палітыкі з Масквы і Менску, якіх устройвае існуючы рэжым беззаконьня ў Рэспублікі Беларусь. Пакуль я такой працы ня бачу”.

(Спадарыня:) “Да Аляксандра Рыгоравіча я як і большасьць пэнсіянэраў ставілася станоўча. Разважала так: пэнсія хоць і невялікая, але ёсьць, на хлеб хапае. Але пад час выбараў погляд мой зьмяніўся. Я зразумела, што ня хлебам адзіным жыў чалавек. У жыцьці ёсьць і іншыя каштоўнасьці, пра якія мы пачалі забываць.

А маладыя людзі, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу і ва ўвесь голас пад лёзунгам “Жыве Беларусь!” заявілі, што трэба, пакуль яшчэ ня позна, адраджаць беларускую мову, беларускую культуру і наогул пра годную працу і годнае жыцьцё. Але яны былі зьбітыя і адпраўленыя ў турму. А зараз іх звальняюць з працы і адлучаюць з навучальных установаў, такім чынам парушаюць правы чалавека. У процілегласьць паказалі па тэлебачаньню артыстаў, якія на працягу цэлага месяца сьпявалі пад лёзунгам “За Беларусь!” Гэтыя былі ўзнагароджаныя. Думаю, за што ж іх узнагародзілі і так раптоўна? Думаю, трэба вызваліць астатніх вязьняў на чале з Казуліным і спыніць рэпрэсію. А Аляксандр Рыгоравіч павінен езьдзіць у заходнія краіны, каб бачыць, як там жывуць людзі. А сьпіс тых людзей, якія яго падставілі, проста ўзяць і пашырыць”.

(Анастас Семяновіч:) “Зьвяртаюся да Аляксандра Лукашэнкі. Вы зрабілі разам зь Ярмошынай вялікую памылку. Вы добра ведаеце, што выбараў не было, была суцэльная фальсыфікацыя. А калі вам далі рэальную лічбу выбараў – вы адразу захварэлі. Памылку можна паправіць. Дайце каманду сваіх хрукальнікам, каб неадкладна выпусьцілі ўсіх палітвязьняў. Потым абвесьціце паўторныя выбары бяз вашага ўдзелу. Па Канстытуцыі вам нельга ісьці на трэці тэрмін. Палатнікі, якіх вы прызначылі, павінны неадкладна адмяніць датэрміновае галасаваньне, і ўсе камісіі павінны складацца з кандыдатаў у прэзыдэнты. Калі вы гэта зробіце, вам будзе забясьпечанае годнае жыцьцё, інакш ваш фініш будзе вельмі дрэнным. Расейскім мафіёзьнікам вы непатрэбны. Жыве Беларусь!”

(Спадар:) “Ня трэба будаваць аграгарадкі! Ня трэба марна траціць нашыя грошы! Вы не загоніце туды нікога!”

(Спадарыня:) “Пачула званок, дзе жанчына абвінавачвала Эўропу ў дрэнных адносінах да Беларусі. Калі гэта сталая жанчына, то лічу, што гэта нейкі “старэчы маразм”. Як яна і гэтыя лукашысты ня могуць зразумець таго, што для Эўропы Лукашэнка ніхто! Выбары 19-га сакавіка там не прызналі, таму што ён, мякка кажучы, прысвоіў 30-35% галасоў. Ён нелегітымны! Яго нават і прэзыдэнта называць ня хочацца. Эўропе ён непатрэбны! Ён ніхто для іх! Якія могуць быць адносіны?”
XS
SM
MD
LG