Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбываюцца пікеты ў абарону А.Казуліна


Радыё Свабода Удзельнікі пікетаў ля плошчы Бангалор і ў парку імя 50-годзьдзя Кастрычніка зьбіраюць подпісы за вызваленьне былога рэктара БДУ з Жодзінскага сьледчага ізалятару.

Плякат “Свабоду Аляксандру Казуліну” добра відаць з тралейбуснага прыпынку, і многія людзі падыходзяць да пікетоўцаў выказаць сваё стаўленьне да Аляксандра Казуліна і факту ягонага арышту.

(Спадар: ) “Я сам з Гомелю. Прыехаў у Менск па справах, але напярэдадні прачытаў у Інтэрнэце, што будуць праходзіць пікеты, я зь Менскам не знаёмы добра, дык знайшоў на мапе плошчу Бангалор і прыехаў падтрымаць мітынгоўцаў. Мяне завуць Сяргей Гаўрылін”.

(Спадар: ) “Кожнага чалавека цікавіць. Але якая ягоная віна, я ня ведаю. Цэлы натоўп быў. Але, праўдападобна, што прэтэндуе на ўладу”.

Аляксандра Казуліна абвінавачваюць у злосным хуліганстве ў часе падзеяў 2 сакавіка, а таксама ў арганізацыі масавага шэсьця 25 сакавіка. Былога рэктара БДУ больш за тры тыдні трымаюць у Жодзінскім сьледчым ізалятары. Гаворыць актывіст каманды Аляксандра Казуліна Вячаслаў:

(Вячаслаў: ) “Акцыя праходзіць ня толькі ў падтрымку Казуліна, але і ў падтрымку ўсіх зьняволеных у Беларусі, усіх тых, хто быў затрыманы ў розных акцыях, у тым ліку і 25 сакавіка. Спадзяецца, што іх не прыбавіцца пасьля 26 красавіка”.

Менскія ўлады дазволілі праводзіць пікеты ў падтрымку Аляксандра Казуліна ад 14 да 28 красавіка. Паводле актывіста каманды экс-рэктара БДУ Алеся Стральцова, людзі даволі актыўна падпісваюцца пад зваротам з заклікам вызваліць Казуліна.

(Стральцоў: ) “Вельмі добра ідзе збор подпісаў. Учора ў парку мы назьбіралі даволі шмат падпісаў. Мы цяпер у легальным полі. З 32 месцаў, што мы плянавалі, нам толькі два давалі. Для прыхільнікаў Казуліна, і ўвогуле ўсіх дэмакратычна настроеных людзей, гэта знак, што апазыцыя ня ў роспачы, а мы працягваем працаваць”.

Удзельніца пікету Юлія папраўляе прывязаныя да плякату белыя і чырвоныя балёнікі і тлумачыць Радыё Свабода, чаму бярэ ўдзел у гэтай акцыі:

(Юлія: ) “Я лічу, што Казулін быў затрыманы несправядліва. Я бачыла ягонае затрыманьне, і лічу, што гэта было вельмі страшна для людзей, якія там былі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG