Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа супраць актывістаў Саюзу палякаў зноў прыпынена


Радыё Свабода Чатыры актывісты СПБ (на чале з Анжалікай Борыс) – Веслаў Кеўляк, Юзаф Пажэцкі, Андрэй Пачобут і Анджэй Пісальнік – застаюцца падазраванымі паводле крымінальнай справы аб запалохваньні дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана. Справа была распачата летась у жніўні, сёлета яе прыпынілі, а ў сакавіку зноўку аднавілі, каб праз месяц прыпыніць паўторна.

Журналіст Андрэй Пачобут мяркуе, што справу аднаўлялі, магчыма, каб затрымаць яго, калі ён накіраваўся ў Менск, адкуль зьбіраўся паведамляць пра перадвыбарчыя падзеі ў сталіцы для аднаго польскага выданьня. 13 сакавіка яго затрымалі ў Менску супрацоўнікі КДБ, потым даставілі ў Горадню нібыта каб яго дапытаў сьледчы Дзьмітры Лабоцкі і пасадзілі пад арышт.

Цяпер справа зноўку прыпынена, міліцыя нібыта зьвярнулася ў Польшчу, каб атрымаць дадатковыя доказы, патрэбныя для расьсьледаваньня справы. Спадар Пачобут лічыць такое тлумачэньне фармальным, паколькі падзеі, на якіх яна грунтуецца, адбываліся ў Шчучыне. Нагадаем, што спадар Богдан у леташнім канфлікце вакол Саюзу палякаў заняў бок уладаў і адмовіўся выконваць патрабаваньні сябраў СПБ, якія прыехалі з Горадні з рэвізыйнай праверкай.

Спадар Пачобут зазначае, што іхні статус падазраваных па гэтай справе даў падставу міліцыі афіцыйна забараніць выезд за мяжу для яго і трох ягоных калегаў.
XS
SM
MD
LG