Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы закон аб імігрантах выклікае спрэчкі і пратэсты ў ЗША


Кастусь Бандарук, Прага Цягам мінулых выходных у Злучаных Штатах працягваліся пратэсты супраць новага заканадаўства ў справе нелегальных імігрантаў. Паводле прапанаванага закону, нелегальнае прабываньне на тэрыторыі ЗША лічылася б злачынствам і падлягала б крымінальнай адказнасьці.

29-цігадовы Віктар прыехаў ў Чыкага 5 гадоў таму па турыстычнай візе. Калі кончыўся тэрмін візы, ён не вярнуўся дамоў, але застаўся ў Амэрыцы, жыве там ужо 11 гадоў, працуе маляром у прыватнай фірме, наймае кватэру, мае свой аўтамабіль. Ён прызвычаіўся да новага жыцьця і не думае пра вяртаньне дамоў.

(Віктар: ) “У расейскамоўнай газэце я знайшоў некалькі абвестак аб працы, патэлефанаваў чалавеку і атрымаў працу. Я ня быў на Ўкраіне ўжо 11 гадоў. Напэўна, там усё зьмянілася за гэты час, але, па-мойму, я ўжо там ня мог бы жыць, не знайшоў бы з людзьмі агульную мову”.

Паводле неафіцыйных зьвестак, колькасьць такіх як Віктар нелегальных імігрантаў у ЗША складае амаль 12 мільёнаў чалавек. Гэта значыць, што кожны 20-ы жыхар ЗША працуе там нелегальна. У некаторых галінах гаспадаркі гэты адсотак значна большы: нелегальныя імігранты складаюць 24% занятых у сельскай гаспадарцы, 17 % у працах зьвязаных з ачысткай і 14% – на будоўлях і 12% – у гастраноміі.

У адпаведнасьці з законапраектам прынятым Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, Віктар зьяўляецца злачынцам і ён павінен быць неадкладны дэпартаваны на Ўкраіну. Гэтага патрабуе частка белых з так званай “ сярэдняй клясы”, а таксама некаторыя эканамісты. Яны лічаць, што нелегальныя імігранты адбіраюць працу ў амэрыканцаў, ня плацяць падаткаў, што зь іхнай прычыны перапоўненыя публічныя школы і пагоршыўся стан бясьпекі.

Аднак іншыя мяркуюць, што з улікам усіх адмоўных чыньнікаў, танная праца нелегальных імігрантаў карысная для эканомікі. Імігранты выконваюць любую працу і ўтрымліваюць на нізкім узроўні інфляцыю.

З улікам спрэчных аргумэнтаў Сэнат прапануе кампрамісны варыянт – нешта накшталт амністыі. Нелегальныя імігранты, якія жывуць ў ЗША даўжэй як 5 гадоў (а гэта 7 мільёнаў чалавек) атрымаюць “зялёныя карткі” і ў будучыні грамадзянства ЗША, калі дакажуць, што маюць сталую працу, калі заплацяць належныя падаткі, 2 тысячы даляраў штрафу і вывучаць ангельскую мову. Тыя, што жывуць у ЗША нелегальна меней чым 5, але даўжэй за два гады, павінны вярнуцца ў свае краіны і там у амэрыканскіх консульствах атрымаць часовы дазвол на працу ў ЗША. Толькі 1-1,5 мільёна чалавек павінны абавязкова вярнуцца дамоў, альбо будуць дэпартаваныя.

Пакуль бурныя маніфэстацыі імігрантаў працягваюцца, грамадзтва падзялілася ў пытаньні стаўленьня да нелегалаў на два лягеры, а канчатковае рашэньне мае быць прынятае ў бліжэйшыя тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG