Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыя па сваіх мэтадах нічым не адрозьніваецца ад тых, з кім змагаецца”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 16 красавіка.

Асэнсаваньне падзеяў апошняга месяца; роздум над перажытым і адчутым; спроба зазірнуць у заўтрашні дзень Беларусі… Усё гэта — у лістах, якія атрымлівае ў гэтыя дні ад сваіх слухачоў беларуская “Свабода”. Пачну сёньняшнюю размову з допісу Тацяны Яўменавай зь Менску — адной з тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у сакавіцкіх падзеях на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Слухачка піша:

“Разам з тысячамі іншых людзей я правяла вечар 19 сакавіка на плошчы. Мы разам скандавалі словы “Братэрства” і “Пераможам”. Разам выстаялі ў завею і холад. Гэтай сілы адзінства немагчыма забыць. Цяпер ні ў якім выпадку ня трэба здавацца і падаць духам. Нашай згуртаванасьці не адолее ніякая грубая сіла. Трэба зьмірыцца з тым, што людзям, якія галасавалі за Лукашэнку, пакуль нічым нельга дапамагчы. Як вытлумачыць чалавеку нясьпеламу, што нельга вымяраць чалавечую годнасьць колькасьцю ежы ці грошай? Ніякага канфлікту паміж пакаленьнямі ў нашай краіне няма. Проста ёсьць людзі з разьвітым пачуцьцём уласнай годнасьці, і ёсьць іншыя, для якіх гэтыя словы — пусты гук. Але ў іх усё наперадзе — і асэнсаваньне, і разуменьне.

Увечары ў дзень выбараў каля восьмай гадзіны вечара сын сказаў, што пойдзе на вуліцу — прагуляцца. Я сказала, што пайду зь ім — таксама хочацца падыхаць сьвежым паветрам. Абодва пасьмяяліся з сваіх хітрыкаў — і разам пайшлі на плошчу. Я вельмі моцна прастудзілася — і пасьля гэтага туды не хадзіла, не магла. А сын хадзіў. Яму — 24 гады, мне — за 50. Якое значэньне мае ўзрост, калі, кажучы словамі Пушкіна:

Пока свободою горим, Пока сердца для чести живы, Мой друг, Отчизне посвятим Души прекрасные порывы.

І хіба я ня маю рацыі?”

Можна пазайздросьціць вашаму ўзаемаразуменьню з сынам, спадарыня Тацяна. Часта, аднак, бывае па-іншаму: у адной і той жа сям’і дзеці таемна ходзяць на акцыі апазыцыі, а бацькі носяць чырвоныя сьцягі на афіцыйных дэманстрацыях. Погляды пераважнай большасьці маладога пакаленьня ўсё ж вельмі адрозьніваюцца ад большасьці людзей сталага веку. Гэта было відаць і на Кастрычніцкай плошчы. У турму на Акрэсьціна трапіла амаль выключна моладзь — студэнты, старшаклясьнікі, выпускнікі ўнівэрсытэтаў… Былі сярод арыштаваных і людзі немаладыя, але гэта — адзінкі, якія толькі пацьвярджаюць агульную відавочную тэндэнцыю.

Кароткі ліст ад Мікалая Шумілы з Кобрыня. Слухач піша:

“Гляджу на ўсё, што вакол адбываецца, і зьдзіўляюся: колькі яшчэ ў нас людзей з хворымі галовамі. Як можна галасаваць за сталінскі калгас, празь які загінула столькі людзей, зьнікла столькі вёсак і хутароў. А ці тое яшчэ будзе пры гэтай уладзе! Мая шчырая ўдзячнасьць беларускай моладзі — толькі на яе спадзяваньне. А вось тое, што Казулін застаецца ў няволі — ганьба для нас усіх. Неабходна патрабаваць, каб яго неадкладна вызвалілі”.

Аўтар наступнага ліста — Ясь Невядомскі з Маладэчна:

“Наша сям’я, сябры, знаёмыя — усе захапляліся сілай духу і волі абаронцаў плошчы Кастуся Каліноўскага. Ні мароз, ні страх амапаўскіх дубінак не змаглі адолець гэтых адданых сваёй радзіме людзей. Яны павінны ганарыцца сабой. Гэта — героі! Ім будзе што расказаць сваім дзецям і ўнукам. Мы дзякуем Богу, што ў Беларусі ёсьць такія людзі, як Мілінкевіч і Казулін. Зь імі Бог, і яны здолеюць выстаяць і перамагчы. Што да нашага Маладэчна, то тут усё было, як і паўсюль у правінцыі. Абавязковае датэрміновае галасаваньне. А заўпарцісься — датэрмінова скасуюць кантракт. Правільна зрабілі ў Літве, забараніўшы трансьляваць Беларускае тэлебачаньне. Яго немагчыма глядзець. Падпісной “абязалаўкай” стала газэта “Советская Белоруссия”. А вось тых газэтаў, якія хочуць чытаць людзі — “Народнай Волі”, “Нашай Нівы” — у горадзе ня знойдзеш. Вось так, баючыся праўдзівай інфармацыі, і дзейнічае цяперашняя ўлада. Хацелася б ведаць, якое месца ў сьвеце па колькасьці палітзьняволеных займае рэжым Лукашэнкі пасьля масавых сакавіцкіх арыштаў?”

Наўрад ці кім-небудзь вядзецца такая статыстыка, спадар Невядомскі. Але тое, што Беларусь у падобным рэйтынгу займала б зусім ня верхнія радкі, сказаць можна пэўна. Сталінскі ГУЛАГ зь ягонымі дзясяткамі мільёнаў палівязьняў яшчэ няхутка змогуць пераўзысьці здрабнелыя дыктатары сучаснасьці, якія захапілі ўладу ў некалькіх невялікіх краінах — пераважна ў Азіі і Афрыцы. На эўрапейскім кантынэнце Беларусь — апошняя краіна, дзе людзей кідаюць у турмы за іхную апазыцыйную дзейнасьць і ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Электронны ліст ад нашага слухача Дзьмітрыя Амельчанкі — таксама на тэму сакавіцкіх пасьлявыбарчых падзеяў у Менску. Слухач піша:

“Дзень добры, паважаная “Свабода”! Я доўга чакаў і спадзяваўся, што гэты ліст мне пісаць не спатрэбіцца. Але ўсё ж тое, чаго я чакаў, не адбылося. Таму не магу ня выказаць свайго меркаваньне аб адной падзеі, якая ставіць пад сумнеў дэмакратычнасьць гэтай так званай “апазыцыі”. Я маю на ўвазе зьбіцьцё журналістаў Беларускага тэлебачаньня падчас мітынгу 25 сакавіка. Наколькі я памятаю, гэтая “апазыцыя” адной з галоўных сваіх мэтаў вызначыла свабоду слова ў Беларусі. Але гэтую свабоду яна разумее аднабакова. Ці ёсьць зьбіцьцё журналістаў тых мэдыяў, якія не падтрымліваюць мітынгоўцаў, тым эталонам, да якога імкнуцца “апазыцыянэры”? Так, вам не падабаецца іхная пазыцыя. Але ж пасьля зьбіцьця: якое вы маеце маральнае права асуджаць “амапаўцаў” за зьбіцьцё апазыцыйных журналістаў, калі самі дзейнічаеце тымі ж мэтадамі? Ці вы ўзялі на сябе функцыі Міністэрства праўды і самі вырашаеце, дзе “чэсныя” журналісты, а дзе не, а “нячэсных” можна зьбіваць?

Цікава вось што: калі вы, якія яшчэ не набылі ўладу, ужо зьбіваеце няўгодных вам журналістаў, то што ж будзе тады, калі вы гэтую ўладу здабудзеце? А чакаў я вось чаго. Так, можна казаць, што не далі рады з эмоцыямі некаторыя ўдзельнікі мітынгу, і быццам бы апазыцыйныя лідэры ніякай адказнасьці за іх не нясуць. Але: НІВОДЗІН АПАЗЫЦЫЙНЫ сродак масавай інфармацыі нават і не паспрабаваў АСУДЗІЦЬ зьбіцьцё сваіх калегаў, якія маюць свой пункт гледжаньня. Наадварот, “Хартыя-97” яшчэ дазволіла сябе цынічныя жартачкі кшалту “вось ім далі пад зад, а ў іх страсеньне мозгу. Дык дзе ж у іх мазгі?”

Вось гэтая брыдота і падаецца нам як ідэал “дэмакратыі” і “агульначалавечых каштоўнасцяў”. Прабачце, пане, але я, шчыра кажучы, крытычна ставіўся да Лукашэнкі й галасаваў супраць усіх. Але ж цяпер бачу, што “апазыцыя” нічым па сваіх мэтадах не адрозьніваецца ад тых, з кім яна змагаецца. І “Свабода”, і “Хартыя”, і “Беларускі партызан”, і іншыя нічым сутнасна не адрозьніваюцца ад БТ, калі яны ня выказаліся супраць зьбіцьця журналістаў. Але не, памыляюся, розьніца паміж імі ўсе ж такі ёсць: БТ абслугоўвае інтарэсы свайго ўраду, а “апазыцыйныя” СМІ — інтарэсы чужога ўраду. Вось і ўся розьніца. Дык ужо лепш я буду за дзейную ўладу. Тым больш, што стыпэндыя мая, як асьпіранта, цяпер складае 450 тысяч. А песьняў пра “дэмакратыю” сьпяваць ня трэба — я ўжо ўбачыў, чаго яны вартыя. Дзьмітры Амельчанка”.

А ці было зьбіцьцё, пра якое вы пішаце, спадар Амельчанка? Некалькі відэакамэраў замежных тэлеканалаў, якія працавалі 25 сакавіка на мітынгу ў парку Янкі Купалы, зафіксавалі толькі тое, як у бок здымачнай групы БТ ляцелі сьнежкі ды гучаў сьвіст. Ніякіх сюжэтаў пра зьбіцьцё не паказала і само БТ, хоць на акцыі працавалі апэратары ня толькі самога выгнанага тэлебачаньня, але і спэцслужбаў, відэаздымкамі якога дзяржаўныя тэлеканалы часта карыстаюцца. Дык на чым грунтуюцца зьвесткі пра зьбіцьцё? Толькі на пазакадравым тэксьце сюжэту БТ? Пазьней журналісты замежных мэдыяў (у прыватнасьці, расейскай “Комсомольской правды”) спрабавалі знайсьці ў шпіталях нібыта зьбітых журналістаў, зьвязваліся з кіраўніцтвам БТ, каб сустрэцца зь імі. Безвынікова. І заўважце: нікога з тых, хто нібыта зьбіваў журналістаў БТ, не затрымала ні міліцыя, ні супрацоўнікі КДБ, якіх было вельмі шмат на мітынгу.

А тое, што брыгаду БТ выгналі й асьвісталі — гэта, хутчэй, маральная ацэнка таго, як гэты тэлеканал паказвае падзеі ў Беларусі і вакол яе. І пра журналісцкую салідарнасьць гаварыць тут наўрад ці выпадае. Прафэсійны кодэкс журналіста патрабуе: асьвятляючы любыя канфліктныя сытуацыі, ты мусіш даць слова ўсім бакам, уцягнутым у канфлікт, падаць іхны пункт гледжаньня на праблему. А цяпер згадайце, спадар Амельчанка, як журналісты БТ асьвятлялі падзеі на Кастрычніцкай плошчы, масавыя арышты апазыцыйных актывістаў, зьбіцьцё кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна? Ці прагучалі там хоць раз галасы тых, каго білі, арыштоўвалі, абвінавачвалі? Ці даюць там увогуле хоць калі-небудзь слова той вялізнай частцы беларускага грамадзтва, якая думае інакш, чым улада? Чаму ж у такім разе зьдзіўляцца, што гэтыя людзі так рэагуюць на зьяўленьне тэлекамэраў БТ?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG