Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучні ў Горадні павінны прайсьці тэст “на палітычную добранадзейнасьць”


Радыё Свабода, Горадня У некаторых гарадзенскіх школах распаўсюдзілі так званую “індывідуальную карту ўзроўню выхаванасьці навучэнца”. Школьнікі павінны былі паставіць сабе адзнаку ад нуля да трох балаў за “прыняцьце ідэалёгіі беларускай дзяржавы” або “ўзровень ідэйна-палітычнай сьвядомасьці”. Затым адзнакі мелі выставіць сваім дзецям бацькі, пасьля — настаўнікі, а потым — падлічыць сярэдні бал.

У “індывідуальнай карце ўзроўню выхаванасьці навучэнца” гаворыцца таксама пра гігіену, здароўе і заняткі фізкультурай, але на першым месцы менавіта пункты пра “павагу да Канстытуцыі і законапаслухмянасьць” і пра “здольнасьць супрацьстаяць нэгатыўным тэндэнцыям”, якім канкрэтна — не патлумачана. Паперу гэтую мне прынесьлі бацькі, яны расцанілі яе літаральна як “данос вучня на самога сябе” і тэст “на палітычную добранадзейнасьць”.

Супрацоўніца Ленінскага райаддзелу адукацыі Горадні Тацяна Асмалоўская спакойна ўспрымае зьмест “індывідуальнай карты ўзроўню выхаванасьці навучэнцаў”. Паводле яе, у школе шмат увагі надаецца выхаваньню грамадзяніна і патрыёта, і яна мяркуе, што настаўнікі й бацькі здольныя адэкватна ацаніць кожнага вучня. А ці ня трапіць у чорны сьпіс той, хто, напрыклад, прызнаецца ў тым, што не прымае гэтак званай “ідэалёгіі беларускай дзяржавы”?

(Асмалоўская:) “Вы ведаеце, я шмат размаўляю са старшаклясьнікамі наконт гэтага пытаньня, і адказы бываюць вельмі розныя. Але ж гэта ня значыць, што на школьніку паставілі кляймо з-за таго, што ён нешта ўспрымае, а штосьці адпрэчвае ці не ўспрымае”.

Тым часам праваабаронца Сяргей Мальчык зазначае: у Канстытуцыі сказана, што ў краіне ня можа быць паноўнай ідэалёгіі. А тут школа патрабуе ад вучняў ацаніць сваю ляяльнасьць да дзяржаўнай ідэалёгіі, ды яшчэ прыцягвае да гэтага бацькоў.

(Мальчык: ) “Я бачу ў гэтым, па-першае, магутны ідэалягічны ўціск і на дзяцей, і на бацькоў. А па-другое, можна так сказаць, і ўскосны вышук неляяльных бацькоў. Таму што бацькі, якія не пагаджаюцца з гэтым, будуць абурацца ці не адкажуць на гэтыя пытаньні, ці адкажуць, паставіўшы нізкі бал”.

Спадар Мальчык мяркуе, што ўладам вядомыя сапраўдныя лічбы тых, хто галасаваў на апошніх выбарах супраць Лукашэнкі. Таму цяпер будуць шукаць новых спосабаў трымаць людзей пад кантролем, каб яны баяліся быць іншадумцамі. У гэтых мэтах у тым ліку можна выкарыстоўваць “індывідуальныя карты” вучняў, пра якія мы гаварылі, лічыць спадар Мальчык.
XS
SM
MD
LG