Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Якавенка: "20-я гадавіна Чарнобылю для іх ужо нібыта сьвята"


Радыё Свабода, Менск На гэтым тыдні ў Беларусі распачынаюцца дзяржаўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 20-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Запрошана амаль 800 замежных прадстаўнікоў. А вось няўрадавыя грамадзкія арганізацыі Беларусі дазволу на ўдзел у чарнобыльскіх імпрэзах не атрымалі. Аб прычынах гэтага наш карэспандэнт гутарыць з публіцыстам, стваральнікам і кіраўніком грамадзкай арганізацыі “Беларускі сацыяльна-экалягічны саюз “Чарнобыль” Васілём Якавенкам.

(Якавенка: ) “20-я гадавіна для іх ужо нібыта сьвята. Яны закрылі амаль праблему Чарнобылю. А я ж магу гэта сьвята й сапсаваць. Таму і не запрашаюць”.

Васіль Якавенка ўзначальвае Беларускі сацыяльна-экалягічны саюз “Чарнобыль”. Грамадзкая арганізацыя інтэлігенцыі й навукоўцаў дзейнічае ад 1997 году. Яна вядомая альтэрнатыўнымі праектамі ў абароне насельніцтва й ахове прыроды. “Сёлета сябры арганізацыі мелі на мэце падсумаваць вынікі чарговага этапу дзейнасьці”, — гаворыць Васіль Якавенка.

(Якавенка: ) “Мы распрацавалі праект “Чарнобыльская ініцыятыва”. Ён прадугледжваў выезд у зону экспэдыцыі спэцыялістаў па Чарнобылі, сацыёлягаў, юрыстаў, каб вывучыць на месцы, што непакоіць людзей і чым ім можна дапамагчы. Але падтрымкі не атрымалі. Кіроўным органам гэта не патрэбна. Чаго гэта грамадзкасьць будзе вывучаць тое, што цяпер робіцца ўладарна? Сьмецьце, якога там вельмі шмат, падмятаецца цяпер адной рукою”.

Са словаў Васіля Якавенка, дасьледаваньні Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” дазволілі выявіць, што ў зону радыяцыйнага кантролю ад 1996 году вярнуліся больш за 50 тысяч чалавек. У паўторнае выкарыстаньне ўведзена як мінімум 15 тысяч гектараў ворыва.

(Якавенка: ) “Я лічу вялікай недарэчнасьцю паварот назад — туды, які дабраслаўлёны зьверху. Што маем там сёньня? Узровень радыяцыі ў чарнобыльскіх вёсках падымаецца. Але там засяваюцца ўсё новыя плошчы. Яны не правяраюць харчоў, але яны патрапляюць на наш стол. Сёньня ўвогуле не аспрэчваецца, што радыяцыю расьцягнулі па ўсёй Беларусі”.

Якія думкі ў публіцыста выклікае набліжэньне 20-й гадавіны чарнобыльскай аварыі й абвешчаныя ўрадам мерапрыемствы?

(Якавенка: ) “Прадчуваньне, што пасьля гэтага на чарнобыльскую праблему будуць глядзець як на даўно мінулае”.

Таксама сёньня стала вядома, што на афіцыйныя мерапрыемствы, у тым ліку навуковыя канфэрэнцыі, не запрошаныя вядомыя навукоўцы й грамадзкія дзеячы Юры Бандажэўскі, Іван Нікітчанка, Генадзь Грушавы, Тамара Белавокая. Як паведаміў загадчык аддзелу Дзяржкамчарнобылю Вадзім Гурачэўскі, яны “не праявілі ініцыятывы й не падалі адпаведнай заяўкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG