Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты пагадзіліся: на пасадзе прэм’ера застанецца Сяргей Сідорскі


Радыё Свабода Сёньня Палата прадстаўнікоў дала згоду на паўторнае прызначэньне Сяргея Сідорскага кіраўніком беларускага ўраду. Таемным галасаваньнем 103 дэпутаты прагаласавалі за і 2 — супраць.

Выступаючы перад дэпутатамі, Сяргей Сідорскі заявіў, што валавы ўнутраны прадукт у краіне за пяцігодку павінен узрасьці на 46—55%, а экспарт беларускай прадукцыі — на 60%. Дэпутат Васіль Хрол лічыць, што ўзначаліць урад маглі б і іншыя людзі — прыкладам, зь цяперашніх намесьнікаў прэм’ера альбо кіраўнікоў абласных “вэртыкаляў”. Але менавіта Сяргей Сідорскі вырашыць гэтую задачу лепш за іншых, перакананы спадар Хрол:

(Хрол: ) “Нельга ня ўлічваць, што ён мае вельмі добрыя, чыста чалавечыя стасункі з калегамі з суседніх краінаў, зь якімі мы ажыцьцяўляем эканамічнае супрацоўніцтва. Калі б быў прызначаны новы чалавек, дык яму б спатрэбіўся хаця б адзін год на тое, каб завязаць кантакты. Так што напрацоўкі Сідорскага захаваюцца, і ён паслужыць на карысьць нашай краіне”.

Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што ў новай пяцігодцы вызначальным для ўраду Сяргея Сідорскага будзе тое, ці зможа ён залучыць дастатковую колькасьць інвэстыцыяў:

(Злотнікаў: ) “У мінулым дзесяцігодзьдзі эканамічны рост адбываўся коштам, па-першае, выкарыстаньня рэзэрваў нявыкарыстаных раней магутнасьцяў, а па-другое, коштам зношваньня асноўных фондаў. І на гэта не патрабавалася багата інвэстыцыяў. Цяпер жа, каб павялічыць ВУП, а на гэтай аснове і заробкі, патрэбныя інвэстыцыі. Ёсьць такія разьлікі: каб павялічыць ВУП на адну адзінку, трэба павялічыць інвэстыцыі на 1,4 – 1,6 адзінкі. Гэта азначае, што інвэстыцыі павінны надалей быць у 2 – 2,5 разу большыя, чым летась. Ці будуць яны? Вось гэта самае цяжкае пытаньне для ўраду”.

Дэпутатаў асабліва цікавіла магчымае падвышэньне цэнаў на газ для Беларусі з боку “Газпрому”. На гэта Сяргей Сідорскі заявіў, што ў траўні перамовы з “Газпромам” наконт цэнаў узновяцца. Ён паведаміў, што “Беларусь прапануе пяць цікавых праектаў “Газпрому”. Яны зьвязаныя ня толькі непасрэдна з газавай прамысловасьцю. Прынамсі, “Газпрому” прапанавана крэдытаваць пабудову другой чаргі вытворчага аб’яданьня “Азот”.

Спадар Сідорскі таксама адзначыў, што “Газпром”, зьяўляючыся гаспадарчым суб’ектам, павінен прытрымлівацца міжнародных пагадненьняў — у прыватнасьці, Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, якая прадугледжвае роўныя ўмовы для гаспадарчых суб’ектаў Беларусі й Расеі. Да таго ж, на думку Сідорскага, значны рост цэнаў на газ для Беларусі адмоўна адаб’ецца і на многіх расейскіх прадпрыемствах, якія цяпер цесна зьвязаныя зь беларускімі.

Варта дадаць, што сярод іншага Сяргей Сідорскі ў сваёй прамове ў Палаце прадстаўнікоў ня выключыў, што ў краіне можа быць праведзены рэфэрэндум аб мэтазгоднасьці пабудовы атамнай электрастанцыі. Паводле Сідорскага, тэхнічныя і навуковыя сілы Беларусі дастаткова кваліфікаваныя, “мы гатовыя вырашыць гэтую задачу” – сказаў прэм''ер-міністар.

Што тычыцца праблемы цэнаў на газ, пра што казаў сп-р Сідорскі, то тут да згоды надзвычай далёка. Учора кіраўнік “Газпрома” Аляксей Мілер, выступаючы па першым канале расейскай тэлевізіі, паўтарыў, што з 1 студзеня 2007 году “Газпром” пераходзіць на рынкавыя адносіны з Беларусьсю, паводле Мілера перамовы па гэтым пытаньні будуць працягнутыя напрыканцы красавіка. Кіраўнік расейскага газавага канцэрну адзначыў, што перамовы пачаліся своечасова, каб пазьбегнуць непрыемных навагодніх сюрпрызаў.

Раней сп. Мілер казаў, што цана на газ для Беларусі павінна дасягнуць эўрапейскага ўзроўню. Якую цану ён лічыць эўрапейскай – на гэтае пытаньне дае адказ ягоная заўвага наконт адносінаў з Украінай: "Эўрапейскі ўзровень цэнаў на расейскі газ для Ўкраіны ў памеры 230 даляраў за тысячу кубамэтраў – гэта факт, які адбыўся", – заявіў старшыня “Газпрома”.
XS
SM
MD
LG