Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Малады фронт" патрабуе спыніць перасьлед сваіх актывістаў


Радыё Свабода, Менск Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” зьбіраюць подпісы з патрабаваньнем спыніць перасьлед актывістаў арганізацыі. Падчас выбарчай кампаніі каля дзясятка маладафронтаўцаў адлічылі з вучобы. Супраць 19 чалавек распачалі крымінальныя справы. Сябры арганізацыі заявілі на прэсавай канфэрэнцыі, што, нягледзячы на перасьлед, будуць працягваць вулічныя акцыі.

Прэсавы сакратар незарэгістраванага “Маладога фронту” Барыс Гарэцкі заявіў журналістам, што сабраныя ў абарону маладафронтаўцаў подпісы будуць перададзены ў КДБ. Яны спадзяюцца, што гэта дапаможа спыніць перасьлед іх паплечнікаў. Барыс Гарэцкі таксама заявіў, што хваля вулічных апазыцыйных акцыяў ня сьціхне.

(Гарэцкі: ) “Вулічнае супрацьстаяньне ня будзе спынена. Паводле нашага пляну, маладафронтаўскія акцыі будуць адбывацца штотыднёва. Бліжэйшая акцыя — Чарнобыльскі шлях, потым, 14 траўня, заплянаванае вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў па ўсёй краіне. Мы будзем працаваць па пляне да восені, каб хвалі не спыніць, каб не згубіць грамадзкай падтрымкі. Трэба праводзіць пікетаваньні, флэшмобы, шэсьці, відовішчныя распаўсюды… Мы ўсё гэта будзем рабіць”.

Цягам выбарчай кампаніі былі затрыманыя дзясяткі маладафронтаўцаў. Паўсюль адбываліся ператрусы й допыты актывістаў арганізацыі. У Жодзіне супраць Сержука Гудзіліна, Яўгена Ваўкаўца, Алеся Чарэйкі і Паўла Красоўскага распачалі крымінальныя справы за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паўла Красоўскага, які выдае газэту “Назіральнік”, абвінавачваюць у абразе прадстаўнікоў мясцовай улады. Падставай для крымінальнага перасьледу сталі карыкатуры ў газэце. У Баранавічах супрацоўнікі КДБ дапыталі ў якасьці падазраваных у крымінальнай справе Сержука Марчыка, Андрэя Юруця і Віктара Кісьлюка.

Супрацоўнікі КДБ распачалі крымінальныя справы супраць Валера Мацкевіча, Барыса Гарэцкага, Дзяніса Буйніцкага, Яўгена Скрабутана, Сяргея Ляшкевіча, Насты Азаркі, Сержука Лісічонка, Зьмітра Дашкевіча і Алега Корбана.

Сябра “Маладога фронту” Зьміцер Касьпяровіч ужо адбывае пакараньне ў Жодзінскім сьледчым ізалятары за спробу замяніць дзяржаўны сьцяг на нацыянальны на будынку Менгарвыканкаму. Артур Фінькевіч хутка паўстане перад судом за графіці. Паводле абвінавачаньня, ён мусіць заплаціць дзяржаве 35 мільёнаў рублёў.

Больш як паўсотня маладафронтаўцаў дапытаная ў крымінальных справах. Сябры “Маладога фронту” патрабуюць у сваім звароце спыніць крымінальны перасьлед моладзевых актывістаў, якія мірным шляхам дамагаюцца дэмакратычных пераменаў у краіне.
XS
SM
MD
LG