Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мітынгу 26 красавіка будзе агучаны плян дзеяньняў апазыцыі на год


Радыё Свабода Дэмакратычныя сілы Беларусі рыхтуюцца да Чарнобыльскага шляху, які пройдзе пад лёзунгамі “Свабода. Праўда. Справядлівасьць”. Паводле ўлётак, якія распаўсюджваюцца ў Інтэрнэце, акцыя павінна пачацца ў Менску 26 красавіка на Кастрычніцкай плошчы. Аргкамітэт падаў заяўку ў Менскі гарвыканкам, у якой просіць таксама дазволу прайсьці праспэктам Незалежнасьці да Акадэміі навук, каб правесьці там мітынг.

Паводле кіраўніка ідэалягічнага ўпраўленьня Менгарвыканкаму Генадзя Курбекі, заяўка пакуль не разглядалася. Ён таксама выказаўся адносна ўлётак у Інтэрнэце:

(Курбека: ) “Гэта вельмі зьдзіўляе — дарэчы, на якіх падставах яны рэклямуюць і клічуць людзей на Кастрычніцкую плошчу? Яшчэ няма ў іх адказу Менгарвыканкаму, а яны ўжо заклікаюць. І тым самым да іх могуць зьявіцца пытаньні, у тым ліку і заканадаўчага пляну. Хто ім даў права зьбіраць людзей? Мы лічым, што яны паводзяць сябе неэтычна, некарэктна”.

Пазыцыю арганізатараў тлумачыць актывіст Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Усе гады, пачынаючы з 1997-га, Чарнобыльскі шлях адбываўся нягледзячы на тое, што ўлады забаранялі сам шлях і давалі дазвол толькі на мітынг на Бангалоры. Людзі пройдуць свой шлях. Дзе канкрэтна будзе той маршрут і мітынг, будзе залежаць ад дзеяньняў уладаў. Але ў любым выпадку людзі зьбяруцца ў раёне Кастрычніцкай плошчы”.

Паводле спадара Івашкевіча, галоўны палітычны сэнс гэтай акцыі ў тым, што лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч агучыць стратэгічны плян дзеяньняў на наступны год. Акрамя шэсьця, аргкамітэт плянуе правесьці ў Гомелі навуковую канфэрэнцыю ў чарнобыльскай праблематыцы.

Паводле намесьніка старшыні БСДП “Грамада” Ўладзімера Нісьцюка, ягоная партыя далучыцца да Чарнобыльскага шляху.

(Нісьцюк: ) “Рыхтуем сацыяльныя й палітычныя акцыі. І будзем працягваць пікеты па ўсёй рэспубліцы ў падтрымку Казуліна. Калі ўжо было абвешчана, што створаны аргкамітэт Чарнобыльскага шляху нашымі калегамі па дэмакратычным руху, то мы не палічылі неабходным ствараць свой аргкамітэт. Мы проста далучаемся да гэтага мерапрыемства”.

Упершыню Беларускі Народны Фронт зладзіў акцыю, прысьвечаную чарнобыльскай праблеме, 26 красавіка 1989 году. Тысячы людзей выйшлі на плошчу Незалежнасьці й запалілі сьвечкі на знак памяці пра ахвяраў катастрофы. А ў верасьні 1989 году адбыўся Чарнобыльскі шлях, арганізатарам якога таксама быў Беларускі Народны Фронт.
XS
SM
MD
LG