Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаргонь: начальнік раённай падатковай інспэкцыі затрыманы за хабар


Радыё Свабода Афіцыйна суму хабару не называюць. Сьведкі сьцьвярджаюць, што апэратыўнікі на месцы злачынства больш за гадзіну здымалі кожную даляравую купюру на відэакамэру.

Затрыманьне адбылося напярэдадні выходных на Смаргонскім рынку побач з харчовым павільёнам на вачах у шматлікіх сьведкаў. Начальніка раённай падатковай інспэкцыі Міхаіла Качура затрымалі пасьля таго, як ён ужо ўзяў грошы ад аднаго з прадпрымальнікаў. Пракурор Смаргонскага раёну Мікалай Маліноўскі пацьвердзіў факт затрыманьня Міхаіла Качура, але аб прычынах размаўляць адмовіўся:

(Маліноўскі: ) “Вы ведаеце, па тэлефоне я гэтага не магу гаварыць”.

Сёньня Міхаіла Качура няма на працы. Сакратарка адказвае, што нічога ня ведае, намесьніца начальніка падатковай інспэкцыі Ірына Карабінская таксама адмовілася адказваць:

(Карабінская: ) “Я нічога ня ведаю, без камэнтароў”.

Падчас затрыманьня Міхаіла Качура на рынку было шмат людзей. І калі апэратыўнікі прымусілі Качура дастаць з кішэні грошы, а потым кожную купюру здымалі на стужку, за гэтым назіралі сотні вачэй. Дарэчы, некаторыя людзі нават пазалазілі на плот. Вось што распавядае адна са сьведак падзеі:

(Спадарыня: ) “Факт тое, што кожную купюру фільмавалі, і я бачыла гэта. Потым пайшлі паглядзелі нашы супрацоўнікі, і ўвесь час гэта здымалі. Гэта значыць, што фільмавалі цэлую гадзіну. Відаць, купюраў было шмат”.

Сьведкі, якія сачылі за гэтым, адзначаюць, што Качура цяжка было пазнаць:

(Спадарыня: ) “Ён надта выглядаў, ведаеце, вельмі шэрым, як ягонае паліто. Такім шэрым выглядаў і твар”.

Неафіцыйна відавочцы падзеі сьцьвярджаюць, што апэратыўнікі сканфіскавалі ў Міхаіла Качура 12 тысяч даляраў.
XS
SM
MD
LG