Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Будзінас: "Былі чуткі, што Тозік – адзін з прэтэндэнтаў на ўладу".


Юры Дракахруст, Прага Чаму беларуская намэнклятура падчас прэзыдэнцкіх выбараў была нагэтулькі згуртаванай вакол прэзыдэнта? Наколькі на людзей улады здольныя ўплываць зьнешнія ўзьдзеяньні, кшталту візавых санкцыяў з боку Эўразьвязу і “газавага наступу” з боку Расеі? Ці існуюць у беларускай намэнклятуры кланы? Якую ролю яна можа адыграць у пераменах? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” пісьменьнік Яўген Будзінас, публіцыст Анатоль Гуляеў і былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў.

(Дракахруст: ) "Раз-пораз у Беларусі ідуць размовы пра наяўнасьць ва ўладзе розных кланаў і груповак. Ці існуюць яны, у чым падмурак іх фармаваньня? Шмат якія падзеньні чыноўнікаў, пра якія мы казалі, ёсьць не пакараньне за неляяльнасьць, а вынік міжкланавай барацьбы. У сувязі з гэтым, як Вы ацэньваеце тое, што ўсемагутны старшыня Дзяржкантролю Анатоль Тозік на гэтым тыдні накіраваны паслом у Кітай?"

(Будзінас: ) "Як і дэмакратычныя сілы і апазыцыя, гэтак жа і гэтыя кланы і групоўкі існуюць толькі ў нашых галовах, і ў нашым жаданьні, каб усё ў нас было па-сапраўднаму – каб у нас былі сапраўдныя палітыкі, сапраўдныя групоўкі, кланы, алігархі і гэтак далей. Нічога гэтага ў нас няма, у нас ёсьць адзін кіраўнік палітычна-гаспадарчага мэханізму і вінцікі, якія ён расставіў па сваіх месцах. Сапраўды, існуюць чуткі, яны даходзяць да гэтага кіраўніка, на якія ён рэагуе на ўсялякі выпадак. Як той цыган, якога пытаюць: "За што ты сына б’еш?" Ён адказвае: "Калі б ён што-небудзь зрабіў, я б яго наагул забіў. Б’ю для навукі".

Юры Хашчавацкі неяк трапна заўважыў, што ў войску існуе шмат усялякай дураты – кшталту страявой падрыхтоўкі, якая ня мае наўпроставага дачыненьня да баявых дзеяньняў. Робіцца гэта нездарма – такім чынам людзей прывучаюць выконваць любы загад, не разважаючы, разумны ён ці не.

Гэта адбываецца і ў нас. Тозік – гэта найадданейшы Лукашэнку чалавек, шчыра гатовы служыць яму на любой пасадзе. Але былі розныя легенды, міты, чуткі, што Тозік – лідэр нейкай групоўкі, што ён – адзін з рэальных прэтэндэнтаў на ўладу. Гэтыя чуткі не адпавядалі рэчаіснасьці і нават намерам самога Тозіка. Але яны дайшлі ўсё ж да вушэй нашага вярхоўнага галоўнакамандуючага, і Тозік быў пасунуты на некалькі ступенек уніз.

Дарэчы, тое самае некалі адбылося з Казуліным. Адно пытаньне яму задалі ў нямецкім пасольстве – а як ён паставіцца, калі яго вылучаць у прэзыдэнты? Гэтая размова стала вядомая, і гэтага было дастаткова, каб уся плятформа пад Казуліным і ўнівэрсытэтам была разбураная.

Цяжка ўявіць сабе, што Жураўкова ці Ерын былі прадстаўнікамі нейкага клану. Клан – гэта тое, што мае мэханізм самаабароны, мае нейкую стратэгію. Пакажыце мне нешта падобнае, тады я буду верыць у існаваньне кланаў. А так гэта мышыная валтузьня і чуткі. Іншая справа, што вышэйшая ўлада актыўна і пасьлядоўна рэагуе на ўсе гэтыя чуткі. Мэханізм трэба змазваць, каб ён добра працаваў, яго трэба трымаць у напружаным стане".

(Дракахруст: ) "Сп. Лявонаў, а як бы Вы адказалі на гэтае пытаньне? Часам хтосьці кажа: прыйдуць перамены, апазыцыя прыйдзе да ўлады – а можа, ніякая апазыцыя ўвогуле ня прыйдзе да яе нават у выпадку пераменаў, а пасьля нейкіх забурэньняў наверсе акажуцца тыя ж непатапляльныя Мясьніковіч, Тозік, Сідорскі і іншыя людзі, як на пачатку 1990-х?"

(Лявонаў: ) "Залежыць ад таго, якая там апазыцыя. Тут нічога ня зробіш. Мы неяк абыходзім гэтае пытаньне – лепш я хацеў зьвярнуць увагу Вашу на тое, як уваходзіў у гэтую апазыцыю Аляксандар Казулін. Яго ж ня проста так узялі і выкінулі з пасады рэктара. Ён ужо быў непрыгодны для рэктара, яму не было даверу. І вось як яго ўспрыняла апазыцыя? А на гэты ж прыём Казуліна апазыцыяй глядзяць усе чыноўнікі.

Тут, так бы мовіць, пытаньне ёсьць і да вэртыкалі ўлады, якая ня можа не задумвацца над тым, якая будзе Беларусь, якое будзе іх месца, і як аб іх будуць гаварыць дзеці і ўнукі. Яны аб гэтым думаюць. Тут пытаньне ёсьць і да нашай апазыцыі, яе лідэраў. Ня толькі Казулін аказаўся непатрэбны, але і многія іншыя. Ёсьць над чым працаваць апазыцыі таксама. Колькі спатрэбілася Казуліну намаганьняў, каб даказаць, што ён ня чыйсьці падстаўны "казачок" – гэта нашым партыйным лідэрам апазыцыі таксама патрэбна ўлічваць".

Чытаць поўны тэкст перадачы
XS
SM
MD
LG