Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыліся акцыі, прымеркаваныя да Дня салідарнасьці (фота)


Любоў Лунёва, Менск Учора, у Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў, моладзь правяла шэраг акцыяў, у тым ліку пікет насупраць расейскай амбасады ў Менску. Міліцыянты затрымалі некалькі чалавек, перапісалі іх пашпартныя зьвесткі і адпусьцілі. Сёньня працягнуцца пікеты ў абарону экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Актывісты штабу Казуліна праводзяць пікеты штодня з 15 красавіка. Аляксандра Казуліна трымаюць пад вартай у Жодзінскім сьледчым ізалятары ад 25 сакавіка. Яго вінавацяць у злосным хуліганстве і арганізацыі акцыі, у часе якой здарыліся масавыя непарадкі.

Ад 11-й раніцы да 6-й вечара ў лесапарку імя 50-годзьдзя БССР і ў парку Дружбы народаў актывісты штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнта Аляксандра Казуліна правялі пікеты ў ягоную абарону.

Учора побач зь пікетам казулінцаў каля плошчы Бангалор адбыўся дазволены ўладамі пікет супраць мігрантаў з краінаў Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу. Пікетоўцы зь невядомай арганізацыі трымалі плякаты: “Сёньня чорны эмігрант, заўтра чорны акупант”. Яны раздавалі мінакам інфармацыйныя буклеты.

Упершыню ў Беларусі адбыўся пікет супраць людзей паводле нацыянальнай прыкметы. Пару тыдняў таму ўлады санкцыянавалі пікеты пратэсту супраць палітыкі краінаў Эўразьвязу.

Адна з арганізатараў акцыі салідарнасьці Ірына Халіп лічыць, што міжнародная супольнасьць павінна даць ацэнку такім дзеяньням беларускіх уладаў:

(Халіп:) “Беларускія ўлады заўсёды неадэкватна рэагавалі на акцыю салідарнасьці 16-га. Але рэакцыя на сёньняшнюю акцыю салідарнасьці пераходзіць усе межы. Улады зрабілі свой уласны пікет супраць мігрантаў. Мне здаецца, што гэта ўжо першыя прыкметы фашызму. Думаю, што першапачатковая задача міжнароднай супольнасьці – даць прававую ацэнку таму, што ў нядзелю адбылося ў Менску”.



Каля чатырох дзясяткаў студэнтаў правялі флэш-моб у сквэры імя Дзяржынскага насупраць будынку КДБ. Яны чыталі артыкулы Канстытуцыі, якія гарантуюць свабоду мітынгаў, сходаў, шэсьцяў і свабоду слова. Байцы спэцназу міліцыі ачапілі месца правядзеньня акцыі. У некаторых удзельнікаў перапісалі пашпартныя зьвесткі. Абышлося без затрыманьняў.

А 8-й вечара каля васьмі дзясяткаў чалавек сабраліся ля расейскай амбасады ў Менску. Яны запалілі сьвечкі на знак пратэсту супраць палітыкі прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў дачыненьні да Беларусі.



Удзельнікі акцыі выказалі сваю пазыцыю:

(Канстанцін: ) “Не задаволеныя тым, што Расея падтрымлівае апошні дыктатарскі рэжым у Эўропе”.

(Вадзім: ) “Гэта адзіная краіна, якая мае фактычны ўплыў на нашага прэзыдэнта – з-за эканамічных адносінаў ды іншых пытаньняў. Гэта адзіная краіна, якая не выкарыстоўвае такой магчымасьці і нічога ня кажа Лукашэнку. Толькі цісьне яму руку. У дачыненьні да братняга народу, як яны называюць беларусаў, я лічу, што гэта злачынства”.



Пікетоўцы стаялі са сьвечкамі паўгадзіны. Потым яны паставілі сьвечкі насупраць расейскай амбасады і разышліся. Байцы спэцназу затрымалі некалькі чалавек, каб перапісаць іх пашпартныя зьвесткі. Паколькі пікетоўцаў здымалі на відэа, яны вырашылі, што затрымалі толькі тых, каго няма ў адпаведнай картатэцы.

Дзень салідарнасьці завяршыўся шэсьцем моладзі. А 9 вечара некалькі дзясяткаў чалавек прайшлі са сьвечкамі з Кастрычніцкай плошчы на Нямігу.
XS
SM
MD
LG