Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў мае даць згоду на Сідорскага


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Палата прадстаўнікоў мае даць згоду на прызначэньне Сяргея Сідорскага прэм’ер-міністрам Беларусі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў ацэньвае дзейнасьць ураду Сідорскага “толькі станоўча”. Але, нагадаем, Сяргей Сідорскі мае папярэджаньне ад Аляксандра Лукашэнкі аб службовай неадпаведнасьці.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч пра некаторыя вынікі дзейнасьці гэтага ўраду:

(Багданкевіч: ) “Вялізныя паклады гатовай прадукцыі на складах, больш за 2 трыльёны. Гэта амаль 17 трыльёнаў дэбіторскай запазычанасьці, то бо тавары адгружаюць заведама неплатаздольным пакупнікам. Нястача абаротных сродкаў пакрываецца банкаўскімі крэдытамі, што стварае пагрозу крызісу і абвалу. Рэнтабэльнасьць, прыбытковасьць эканомікі надзвычай нізкая. Амаль траціна стратных прадпрыемстваў, яшчэ траціна прадпрыемстваў мае прыбытковасьць ад нуля да пяці працэнтаў”.

Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што захаваньне на пасадзе Сідорскага – гэта арыенцір на захаваньне цяперашніх датацыяў з Расеі. Мяняць урад кіраўнік краіны будзе тады, калі Расея пачне пастаўляць Беларусі энэрганосьбіты па рынкавых цэнах.

Цяпер жа Сяргею Сідорскаму пралангуюць ягоныя паўнамоцтвы. У гэтым упэўнены дэпутат Васіль Хрол:

(Хрол: ) “Я думаю, гэта самая правільная кандыдатура. Я не на сто, а на тысячу працэнтаў упэўнены, што парлямэнт гэтую кандыдатуру зацьвердзіць”.

Паводле журналіста Паўла Шарамета, нечаканай выглядае адстаўка кіраўніка камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка, які адпраўлены паслом у Кітай. Шарамет мяркуе, што гэта ўзмацняе пазыцыі Віктара Шэймана і канцэнтруе ў яго руках практычна ўсю сілавую ўладу.

(Шарамет: ) “Віктар Шэйман для Лукашэнкі больш зручная фігура, чым Тозік, паколькі Шэйман пойдзе з Лукашэнкам да канца, і ён ня будзе вагацца, бо падазраецца ў выкраданьні палітыкаў. Тозіка адправілі ў адстаўку празь нізкую эфэктыўнасьць працы камітэту. Людзі Тозіка рабілі жахлівыя разгоны на прадпрыемствах і ўстановах, але часта яны аказваліся пустымі вінавачаньнямі. На працягу гэтых гадоў прэзыдэнт спаўна скарыстаў спадара Тозіка для разгону сваіх апанэнтаў і зьнішчэньня моцных фігур. А цяпер яго адправілі далей у Кітай, каб ён ня блытаўся пад нагамі, не перашкаджаў Шэйману і ня ўмешваўся ў справы клану”.

Сяргей Сідорскі, дарэчы, ня трапіў у сьпіс неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу. Праўда, і раней ён выяжджаў у Заходнюю Эўропу лічаныя разы – у Аўстрыю, Італію, Літву. Затое ва ўрадзе паболела неўязных міністраў – адукацыі, інфармацыі і юстыцыі. Такая самая сытуацыя і ў міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Да таго ж Эўразьвяз заявіў, што сьпіс неўязных адкрыты.
XS
SM
MD
LG