Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Партрэты затрыманых на Кастрычніцкай плошчы: Валерыя Саўчанкава


Ігар Карней, Менск Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне, зьбітыя ў часе тыдня пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Сярод іх – студэнтка філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Валерыя Саўчанкава. У палаткавым лягеры Валерыя была з самага першага дня: удзень хадзіла на заняткі, а ўначы ішла на Плошчу. Затрымалі яе разам зь іншымі абаронцамі пад раніцу 24 сакавіка.

Валерыя Саўчанкава вырасла ў Воршы – горадзе, дзе да 1990-х гадоў існавалі тры турмы, а вязьніца для асабліва небясьпечных злачынцаў месьцілася ў самым цэнтры. Нярэдка сталае жыцьцё маладых аршанцаў пачыналася ў згаданых турмах. Абачлівыя бацькі, якім дадзела ганарыцца вузлавой чыгуначнай станцыяй, заўсёды імкнуліся “выпхнуць” дзяцей “у сьвет” – у Менск, Смаленск ці – у горшым выпадку – у Віцебск, Магілёў.

Валерыя, якую я памятаю яшчэ зь першых клясаў школы, расла звычайнай, без заўважных прэтэнзіяў, дзяўчынкай. Нечаканасьцю стала, калі яна сама паехала “у сьвет” і бяз блату паступіла ў БДУ. І ўжо ніяк не чакаў я ад яе рэвалюцыйных подзьвігаў...

Уначы 31 сакавіка, калі разам зь ейнай маці прыехаў сустракаць Леру пад сьцены менскага раённага аддзяленьня міліцыі, убачыў зусім дарослую дзяўчыну – здавалася, нават ня стомленую сямю суткамі адседкі, на эмацыйным уздыме. Лера пяшчотна прыціскала да грудзей кімсьці падараваныя бел-чырвона-белыя гвазьдзікі. З усяго перажытага 19-гадовай дзяўчынай і ў марозныя ночы на плошчы, а затым і ў турме, для яе невытлумачальнай застаецца найперш агрэсія спэцназаўцаў.

(Валерыя: ) “У іх каронная фішка была: “Теперь знайте, что спецназ – это не кучка пи…сов”. Усе гэтыя не “пі…сы” выйшлі са зброяй на маладых хлопцаў, але цэлая іх рота ня вартая аднаго нашага хлопца. Усе яны пры гэтым расказваюць, як стаяць за дзяржаву, бо давалі прысягу. А тое, што яны насамрэч ахоўваюць толькі аднаго чалавека (хоць з другога боку на вагах яшчэ 10 мільёнаў) – гэта дробязь. Праўда, ужо потым, калі нас у суд звазілі, міліцыянты пачалі пра сваё жыцьцё жаласьлівыя гісторыі расказваць. Некаторыя зь іх, мабыць, пачалі разумець, што міліцыя – з народам”.

Маці Валерыі, прафэсійная швачка Вольга Саўчанкава, прыехала з Воршы ў Менск у дзень суду над дачкой – дагэтуль некалькі дзён увогуле ня ведала, дзе Валерыя. Ад панядзелка, калі былі вынесеныя прысуды, амаль тыдзень жыла ў сталіцы жыцьцём маці палітвязьня: парай словаў пасьпела перакінуцца з дачкой у судовай залі, а потым стаяла ў чэргах ля турэмных сьценаў, хадзіла на вулічныя нарады Камітэту палітрэпрэсаваных, наведвала дэканат у чаканьні дрэнных навінаў – ці не адлічылі, спрачалася зь людзьмі, якія абураліся паводзінамі дзяўчыны…

(Вольга Саўчанкава: ) “Я пра ўсё даведалася, калі Лера ўжо сядзела ў турме. І пра тое, што яна была на плошчы, нават ня ведала. Тут, у Менску, я кантактавала зусім зь іншымі людзьмі. У Воршы стаўленьне да ўсяго, што адбывалася, адно, а ў Менску – палярна іншае. У Воршы ня столькі неразуменьне, колькі асуджэньне. Гэта дзьве вялізныя розьніцы, бо ў Воршы інфармацыя трапляе да людзей у асноўным толькі з тэлевізара. Ну, і суб’ектыўная ацэнка яшчэ. Аб’ектыўнай інфармацыі няма. Каму як скажаш, дык рэакцыя адна: “Што твая дурніца там рабіла? Ёй што, больш за ўсіх трэба, ці што?”. Людзям жа не патлумачыш! Зрэшты, а што ім тлумачыць?”

Сама ж Лера Саўчанкава добра ведае адказ на пытаньне: чаму звычайная дзяўчына з Воршы, разумеючы, што яе за гэта можа чакаць жорсткае пакараньне, пайшла на плошчу?

(Валерыя: ) “Напэўна, усьведамленьне адбылося ўжо тут, у Менску. Калі паступіла ва ўнівэрсытэт, пачала кантактаваць зь людзьмі, якія разумеюць тое жыцьцё і як мы жывем. Напэўна, менавіта гэтыя людзі мяне натхнілі, у мяне расплюшчыліся вочы на ўсё, што адбываецца. І Плошча – гэта быў рэальны крок да таго, каб зразумець, што ты з чымсьці ня згодны. Такое адчуваньне было і раней, але да Плошчы немагчыма гэта было так яскрава выявіць. А чаму пайшла? А чаму ўсе туды пайшлі? Таму што ў нашай краіне хочацца быць людзьмі, са сваім гонарам, мець волю, мець свабоду. Не баяцца сказаць штосьці, каб потым з-за гэтага ня мець непрыемнасьцяў”.

На здымку: Валерыя Саўчанкава (фота аўтара)
XS
SM
MD
LG