Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абмяжуюць гандаль замежным абуткам?


Радыё Свабода Абутковаму рынку краіны пагражае адміністрацыйны перадзел. Ва ўрадзе абмяркоўваюцца правілы, якія абмяжуюць магчымасьці гандлю ў Беларусі абуткам замежнай вытворчасьці. Чакаецца, што ад новаўвядзеньня пацярпяць індывідуальныя прадпрымальнікі і спажыўцы.

На рэчавых рынках індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць абуткам замежнай вытворчасьці, у паніцы. Паводле іх тлумачэньня, гэтаму тавару пагражае забарона на рэалізацыю ў Беларусі. Вось што паведаміла лідэрка слуцкіх прадпрымальнікаў Сафія Міцяшова:

(Міцяшова: ) “Сутнасьць у тым, што гэты абутак павінен сысьці з рынку. Скажу чаму: трэба ж абараніць свой абутак. Таму што абутак, які прысутнічае на рынках Беларусі, перашкаджае рэалізацыі беларускага абутку. То бок над прадпрымальнікамі навісае дамоклаў меч. Адразу скажу, што 60 працэнтаў прадпрымальнікаў, якія працуюць з абуткам, спыняць працу з гэтым таварам”.

Паводле гандляроў, пытаньне аб забароне на продаж прадпрымальнікамі замежнага абутку цяпер абмяркоўваецца ва ўрадзе. Ініцыятыва такой забароны належыць дзяржаўнаму канцэрну “Беллегпрам”, які аб’ядноўвае беларускіх таваравытворцаў абутку. У канцэрне не адмаўляюць факту ініцыятывы пра зьмены парадкаў на абутковым рынку, але заяўляюць, што не настойваюць на забароне. Гаворыць кіраўніца ўпраўленьня каардынацыі разьвіцьця гарбарна-абутковай галіны Раіса Харытон:

(Харытон: ) “Указ падрыхтавалі ў абарону сваіх вытворцаў – вызваленьне ад мыта, ад падатку на даданую вартасьць пры ўвозе абсталяваньня і камплектаваньня. Мы ім не забараняем, хай гандлююць, толькі хай будуць у аднолькавых рамках з нашымі вытворцамі – праходзяць сэртыфікацыю…”

Паводле прадпрымальнікаў, чыноўнікі плянуюць зьліквідаваць іх як канкурэнтаў адміністрацыйным спосабам – паколькі беларускія таваравытворцы ва ўмовах свабоднай канкурэнцыі прайграюць бізнэсоўцам, якія гандлююць абуткам замежнай вытворчасьці. Дарэчы, статыстыка таксама сьведчыць, што летась грамадзяне краіны набылі беларускага абутку ў 3 разы менш, як замежнага. Чаму беларускія спажыўцы аддаюць перавагу іншаземнай прадукцыі? Меркаваньне Сафіі Міцяшовай:

(Міцяшова: ) “Таму што на абутак беларускі, які ў нас прысутнічае ў крамах, накладаецца вельмі вялікі працэнт крамамі. Там жа колькі ў крамах абслугі! А тут прадпрымальнік сам прывозіць і толькі працуе на сябе. Наш абутак больш танны, таму і купляюць яго больш. Таму што і пакупніцкая здольнасьць на гэты тавар большая. Беларускі тавар недаступны па цэнах для радавога чалавека. Што лепш чалавеку: купіць звычайныя беларускія боты за 67 – 80 тысяч рублёў ці прыйсьці на рынак і купіць тавар за 15 – 25 тысяч. Ёсьць розьніца”.

13 красавіка актывісты прадпрымальніцкага руху на агульнанацыянальнай нарадзе ў Менску абмеркавалі сытуацыю з магчымай зьменай парадкаў на абутковым рынку. Як паведаміў Радыё Свабода лідэр барысаўскіх бізнэсоўцаў Віктар Гарбачоў, удзельнікі нарады выказаліся за падрыхтоўку акцыі пратэсту супраць плянаванага новаўвядзеньня:

(Гарбачоў: ) “Як толькі будзе падпісаны ўказ альбо дэкрэт, прадпрымальнікі будуць выпрацоўваць тактыку – магчыма, у выглядзе страйку – для абароны сваіх інтарэсаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG