Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Ці зьявяцца ў Саўміне невядомыя міністры?”


Падрыхтаваў Вячаслаў Кулік Агляд недзяржаўнага друку за 17 красавіка.

Сёньня “БелГазета” аналізуе тое, як Аляксандар Лукашэнка фармуе каманду сваіх аднадумцаў. Паводле артыкулу “Кадравая кадрыля”, адшукаць новых выканаўцаў, трымаючы ўладу 12 гадоў, практычна немагчыма. “Ніхто асабліва ня зьдзівіцца, калі ў новы Саўмін увойдуць і ранейшыя міністры”, – робіць выснову тыднёвік.

У сьвежым нумары “БелГазеты” таксама падаюцца зьвесткі пра былых прэм’ер-міністраў Беларусі. Адначасна журналісты вызначаюць, што, у адрозьненьне ад іх, дазваляе Сяргею Сідорскаму ўтрымлівацца на пасадзе.

Якой будзе стратэгія Захаду ў адносінах цяперашняй Беларусі? Тэма асьвятляецца ў інтэрвію, якое даў незалежнаму выданьню вядучы экспэрт нямецкага Фонду навукі і палітыкі Райнэр Ліндэр. У прыватнасьці, суразмоўца прапануе мець пры Эўрапейскай камісіі канкрэтнага чалавека, які б стала займаўся беларускім пытаньнем.

Праблема кожнай вясны ў Беларусі – дрэнныя дарогі. “БелГазета” запрасіла на гутарку начальніка ўправы дэпартамэнту “Белаўтадор” Васіля Якаўлева. Чыноўнік пацьвярджае, што 50 працэнтаў дарог агульнага карыстаньня рамантуюцца з затрымкамі нарматыўных тэрмінаў.

Актуальныя эканамічныя падзеі аналізуе сёньня тыднёвік “Белорусы и рынок”. Сярод галоўных тэмаў – ці сапраўды новы парадак рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня дазволіць больш упэўнена “стартаваць” дзелавым людзям? Сумневы – у ключавых пытаньнях. Артыкул так і названы “Новы рэгістрацыйны дэкрэт спарадзіў новыя праблемы”.

Ці давядзецца Нацыянальнаму банку Беларусі панізіць стаўкі гадавых па ўкладах хатніх гаспадарак? Падрабязнасьці – у артыкуле эканаміста Валера Дашкевіча, які таксама публікуе газэта “Белорусы и рынок”.

Сёньня “Брестская газета” паведамляе, што ў Баранавічах устанаўляюцца сыстэмы відэаназіраньня. Дарэчы, гэты горад сёлета вызначаецца найбольшай колькасьцю вулічных пікетаў і мітынгаў.

Таксама ў сьвежым нумары рэгіянальнага тыднёвіка паведамленьне аб прымусовым высяленьні сям’і з кватэры на вуліцы Сяброўскай у Берасьці. “Гэта – першы скандал. На чарзе – яшчэ 10 такіх”, – адзначае газэта і дадае, што цяпер за насельніцтвам гораду больш як 600 мільёнаў рублёў завінавачанасьці па камунальных выплатах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG