Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі ў скарынаўскіх мясьцінах – супраць зьнявагі ордэна імя Скарыны (фота)


Радыё Свабода, Прага У нядзелю ля помніка Францішку Скарыну ў Празе і ля мэмарыяльнай скарынаўскай дошкі ў Вільні прайшлі акцыі, удзельнікі якіх выказалі нязгоду з дэвальвацыяй адной з найвышэйшых дзяржаўных узнагарод Беларусі. Нядаўна Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Скарыны артыстаў, якія бралі ўдзел у яго агітацыйнай кампаніі, у тым ліку Надзею Бабкіну, Мікалая Баскава з Расеі і Мікалая Гнацюка з Украіны. Між тым ордэн Скарыны быў заснаваны як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагарод Беларусі, якая прысвойваецца за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня.

Праскія беларусы разам зь дзецьмі надзелі белыя майкі з чырвонымі літарамі, якія склалі лёзунг: “Ордэны Скарыны – героям Беларусі!”. Перад гэтым людзям прыйшлося перачакаць праліўны вясновы дождж і згадваць сваіх мужных землякоў, якія ў цэнтры Менску начавалі ў палатках на марозе.



Як патлумачылі ўдзельнікі акцыі, яны хочуць зьвярнуць увагу на тых, каму сапраўды належаць адзнакі дзяржаўнай пашаны. На іх думку, пачатак новага адраджэньня заклаў чын людзей, што выйшлі на плошчу адстойваць справядлівасьць і свабоду ў Беларусі. Заслугі перад Лукашэнкам заежджых артыстаў-агітатараў не ідуць з гэтым ні ў якае параўнаньне. Пажылы спадар кажа, што прыйшоў сюды ў нядзелю, калі каталіцкая Чэхія сьяткуе Вялікдзень, каб выканаць запавет з Эвангельля: “Не давайце сьвятыні псам”. Да таго ж гэтая нядзеля прыпала на 16-ы дзень месяца – дзень салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю.



У адрозьненьне ад Пецярбургу, дзе не ступала нага Скарыны, гістарычная Прага поўніцца ягонымі памяткамі. Сам помнік Скарыну ўсталяваны непадалёк ад садоў Праскага граду, дзе Скарына служыў каралеўскім батанікам. А ў дворыку Клемэнтынуму, ці Славянскай бібліятэкі, наведнікаў сустракае скарынаўская памятная шыльда. У Празе, як вядома, у 1517-м годзе выйшла Скарынава "Біблія", першае друкаванае выданьне на тагачасным варыянце беларускай мовы. Па ўсёй верагоднасьці, памёр Скарына таксама ў Празе. Дасьледчыкі спасылаюцца на грамату караля Фэрдынанда, якую той у 1552-м годзе выдаў старэйшаму сыну Скарыны на перадачу маёмасьці бацькі.



Дзесяць гадоў таму ў Чэхіі ўзьнікла зямляцкая суполка беларусаў, якая абрала сабе назву “Скарына” – менавіта яе сябры правялі нядзельную акцыю.



Паміж прынамсі двума праскімі побытамі Скарына пераносіў сваю працу ў Вільню – там, у сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, ён меў падтрымку віленскага купецтва і мяшчанства, у тым ліку і свайго брата Івана. Скарынава друкарня была абсталяваная ў доме бурмістра Якуба Бабіча. Віленскія беларусы ў нядзелю сабраліся ў гэтых памятных мясьцінах.
XS
SM
MD
LG