Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Алег Дзячкоў


Алег Дзячкоў, Магілёў Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Пра пражытае і перажытае апошнім часам распавядае Алег Дзячкоў, выкладчык гісторыі з Магілёву, адзін з удзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў на Кастрычніцкім пляцы ў Менску. Алег адбыў за гэта 15 сутак зьняволеньня ў Жодзінскай турме.

Чаканьнем пераменаў жывеш ужо даўно. Але прыходзіць разуменьне, што іх трэба не чакаць, а набліжаць па меры сваіх магчымасьцяў. З гэтай нагоды усплываюць час ад часу словы майго ўнівэрсытэцкага выкладчыка Якава Трашчанка (вельмі цікавага чалавека, якога большасьць, мне падаецца, так і не зразумела), які сказаў нам аднойчы на лекцыі: “Мы думаем, что от нас в жизни очень многое зависит, но это далеко не так”. Таму крыху адкарэктаваўшы свае напалеонаўскія пляны, пачынаю па драбніцах усьведамляць рэчаіснасьць.

ххх

Адвёўшы апошнія ўрокі ў школе, 18 сакавіка ўвечары прыяжджаю ў Менск, начую ў сяброў. Думкі аб тым, што адбудзецца 19-га, крыху непакояць, асабліва пасьля БТ-шных зводак з фронту – па-іншаму іх не назавеш, – што тыя, хто выйдзе на пляц, будуць прылічаныя да тэрарыстаў (ад васьмі год да “вышэйшай”). Страшна?... Анягож...

Зараз пытаюцца: “Ці баяўся 19-га і 24-га?” Канешне, баяўся. І менавіта таму і паехаў у Менск на пляц Каліноўскага, бо баяліся нашыя дзяды, баяліся нашыя бацькі, збаімся зараз мы, а што далей?..

Усьведамленьне таго, што жывем адзін раз на зямлі, і то атрымліваецца, што пры Лукашэнку, прымушае шукаць шляхі выйсьця, як многім падаецца, з гэтага тупіковага становішча.

ххх

24 сакавіка. 3.00 ночы. Нібы прывіды, зьявіліся перад намі цёмна-зялёныя МАЗы (беларускі брэнд). Акружаныя АМАПаўцамі, усьведамляем, што адбываецца тое, што павінна было калі-небудзь адбыцца. Такое адчуваньне, што нібыта цябе загналі ў загон, нібы ты – драпежнік. У іх амуніцыя, дубінкі, шлемы, машыны з кратамі, а ў цябе побач – толькі паплечнікі, зь якімі ўжо ня першыя суткі трымаесься рука аб руку ў ланцугу каля ўваходу ў мэтро.

Мабыць, найбольш страшны момант для мяне – гэта разгон нашай маленькай дзяржавы. Дзяржавы са сваёй адміністрацыяй, межамі, сваімі законамі і духам братэрства.

Наступныя дні нагадваюць калейдаскоп, але ж толькі зь цёмнымі фарбамі. Акрэсьціна. Суд. Жодзіна. Дагэтуль дзіўнымі ўзгадваюцца словы судзьдзі: “Выкрикивали ли вы антигосударственный лозунг “Жыве Беларусь!”? Дажыліся – кліч Купалы – антыдзяржаўны... Суцяшаю сябе толькі тым, што мне не давялося “взрости” на вершах Быкава, як некалі давялося майму аднафакультэтніку 25 год таму.

Пасьля суду пачынаем па крысе даведвацца, што адбываецца на свабодзе. Ахоўнікі прынесьлі літаратуру – “Трудовой путь”, “Звязду” і “СБ”. Папрасілі кнігі. Прынесьлі... “Прогрессивные писатели ЮАР” – бібліятэка ў СІЗО атрымалася досыць зьмястоўнай. На чарговы зварот пра кнігі бравы сяржант фамільярна паляпаўшы па плячы, адказаў: “Все, что Родина смогла дать”.

Перадачы выратоўвалі, бо тое, што давалася ў якасьці ежы першыя тры дні, нельга назваць нармальнай ежай. Сябра перадаў тры тамы Караткевіча, дазволілі ўзяць толькі адзін.

Як ні дзіўна, пакрысе быт наладзіўся. Тры разы за 15 сутак памылі ў душы, а я хваляваўся, што за паўмесяца стану падобным да дзяржаўнага сьцяга – чырвона-зялёным ад бруду.

Сукамернікі – народ разнастайны: панк, анархіст, праграмісты, перакладчык, географ...

ххх

Два тыдні... Вось і знайшоўся час паспаць, пачытаць, паразважаць. Прааналізаваць тое, што адбылося, што адбываецца, што мусіць адбыцца. Нават жартавалі між сабою, што ў нас зараз адбываецца рэспубліканскі сэмінар на базе Жодзінкага СІЗА. Праз тыдзень мне нават прыйшоў ліст з Магілёва ад сяброў. А пасьля ў гэты ж дзень мне прынесьлі пакунак. Ахоўнік сказаў, што будзе занадта. У такім выпадку я прапанаваў сваю перадачу яму, але ён ветліва адмовіўся.

ххх

Рэчаіснасьць была гэтакай: ты за кратамі, але сьвядомасьць на гэта не пагаджаецца. Так, сапраўды, чалавек і турма – рэчы несумяшчальныя. Таму мяне часта папраўлялі: ня ложак, а нары, не пакой, а камэра.... Але мы разумелі, што зараз цяжэй за ўсё ня нам, а нашым родным, якія жывуць, нічога ня ведаючы пра нас.

Як заўсёды ў такіх сытуацыях, выратоўвае гумар. Асабліва аздобіў наша існаваньне ў Жодзіна Віталь, географ з Воранаўскага раёну, які апошнія гады жыў, працаваў і вучыўся ў Польшчы. Ён аб’езьдзіў усю Эўропу, і кожны дзень, знаходзячыся у СІЗА, зьдзіўляўся: чаму прыбіральня без кабінкі і побач з абедзенным сталом, чаму нары зробленыя па-азіяцку?

У апошні дзень адсідкі – віншаваньні з днём народзінаў ад сяброў і ... міліцыянтаў. І я іх павіншаваў з Дабравешчаньнем. Ахоўнікі падзячылі, што нагадалі пра гэта праваслаўнае сьвята, бо, як сапраўдныя “праваслаўныя атэісты”, яны пра яго запамятавалі.

А як выйшлі, толькі і чыталі ў газэтах ды чулі ды ад сяброў: “Слава героям!”. Нават крыху сьмешна...

Баюся, каб у чарговы раз наша энэргія і імпэт не пайшлі ў сьвісток, як гэта адбываецца амаль 20 гадоў.
XS
SM
MD
LG