Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад час правядзеньня суботніка на Магілёўшчыне прымалі ў БРСМ


Радыё Свабода, Магілёў Блізу Магілёва на Буйніцкім поле правялі суботнік і адначасова мітынг, на якім некалькі дзесяткаў маладзёнаў і дзяцей прынялі ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і піянэрскую арганізацыю. Арганізатары мітынгу, чальцы Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, заявілі, што мэта мітынгу – ушанаваць памяць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Папярэдне на дзяржаўным радыё прагучала, што БРСМ зьбіраецца правесьці суботнік на Буйніцкім полі, дзе ў ліпені 1941 года адбыліся баі, пад час якіх змагаліся і гінулі савецкія вайскоўцы. БРСМ-аўцы мусілі садзіць на гэтым месцы дрэвы, а заробленыя грошы накіраваць на добраўпарадкаваньне поля.

Але суботнік пачаўся зь мітынгу, які адкрыў старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў. На мітынг прыехалі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Насупраць мікрафону стаялі калёны маладзёнаў з БРСМ – акрамя іх на мітынг трапілі толькі выпадковыя мінакі.

Калі выступалі сакратары Цэнтральнага камітэту Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Міхаіл Орда і Аляксандар Далжэўскі, ад удзельнікаў мітынгу патрабавалі захоўваць цішыню.

Пасьля выступаў абвясьцілі, што пачнецца прыём у самую масавую моладзевую арганізацыю – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Новыя патрыёты атрымлівалі пасьведчаньні зь рук сакратароў ЦК, ад старшыні гарвыканкама і вэтэрана Вялікай Айчыннай вайны. Па такому ж сцэнару праходзіў прыём у піянэрскую арганізацыю.

Відавочна, што зь ініцыятывы БРСМ беларускі суботнік набывае новыя рысы – пад час ягонага правядзеньня наўпрост можна папоўніць шэрагі праўрадавых арганізацый.
XS
SM
MD
LG