Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшлі два пікеты за вызваленьне Аляксандра Казуліна


Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Менску адбыліся пікеты на знак салідарнасьці з экс-кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным. Былога рэктара БДУ трымаюць пад вартай у Жодзінскім сьледчым ізалятары. Аляксандра Казуліна абвінавачваюць у злосным хуліганстве паводле падзеяў 2 сакавіка і ў арганізацыі масавага шэсьця 25 сакавіка, у часе якой адбыліся масавыя беспарадкі.

Сябры штабу атрымалі дазвол на правядзеньне пікетаў у абарону Аляксандра Казуліна ад 11-й гадзіны раніцы да 6-й вечара. Сёньня ў сталіцы адбыліся два пікеты. Адзін у лесапарку імя 50-годдзя БССР, другі – у парку “Дружбы народаў” ля плошчы Бангалор. Некалькі чалавек трымалі расьцяжку: “Свабоду Аляксандру Казуліну!”.

Менгарвыканкам дазволіў правесьці пікеты ў бязьлюдных месцах. Пасажыры гарадзкога транспарту маглі здалёк убачыць расьцяжку. Нягледзячы на гэта і на кепскае надвор’е (дождж і вецер), пікетоўцы не сыходзілі. Гаворыць актывіст штабу Аляксандра Казуліна, які назваўся Андрэем:

(Андрэй: ) “Мы ладзім пікет, каб падтрымаць былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, якога беспадстаўна затрымалі пад час акцыі. Акрамя таго, мы стаім дзеля таго, каб людзі падтрымалі ўсіх тых, каго затрымлівалі, зьбівалі ў часе апазыцыйных акцый. Мы стаім, каб падтрымаць усіх палітвязьняў, якія знаходзяцца па той бок волі”.

У той момант, калі я падышла да наступнага пікетоўца, пачаўся моцны дождж. У хлопца не было парасону, але ён не сышоў і трымаў расьцяжку.

(Карэспандэнтка: ) “Ідзе зараз такі дождж, халодна, вецер, а ты стаіш. Я бачу, як ты замёрз, падскокваеш ужо на месцы, але ж не сыходзіш. Чаму ты тут?”

(Уладзімер: ) “Гэта няважна, што мне халодна. Мы змагаемся за свабоду Аляксандра Казуліна. Мы лічым, што яго незаконна затрымалі. Канешне, жадаем, каб яго вызвалілі”.

Алесь Стральцоў дадаў:

(Стральцоў: ) “Справа ў тым, што мы б тут стаялі нават, калі б быў сьнег, ці град, таму што наш лідэр у вязьніцы. Мы будзем стаяць, пакуль яго не адпусьцяць. Калі ўлады ня будуць адпускаць яго доўгі пэрыяд, то пашкадуюць аб гэтым, бо мы будзем рабіць адпаведныя крокі”.

Раней супрацоўнікі міліцыі заўсёды назіралі за пікетамі апазыцыі збоку. Яны здымалі іх на відэа для архіву, цікавіліся колькасьцю пікетоўцаў. Гэтым разам супрацоўнікі міліцыі не прысутнічалі на акцыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG