Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хлопца выкінулі з аўтобусу, папярэдзіўшы: яшчэ раз прыйдзеш – заб’ем"


Радыё Свабода, Менск Радыё Свабода працягвае расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў пацярпелі ад уладаў за падтрымку апазыцыйных кандыдатаў і ўдзел у акцыях пратэсту. Агляд перадачаў з цыклю “Галасы і твары Свабоды”, якія прагучалі на тыдні.

24-гадовую ўраджэнку Смаргоні Сьвятлану Станкевіч пакаралі арыштам на 8 сутак. Сьвятлана Станкевіч выйшла на волю 1 красавіка. Смаргонскую дзяўчыну сустрэлі ля сьцен турмы, прывезьлі ў Менск і прытулілі тут на астатак ночы “добрыя людзі”:

(Станкевіч: ) “Мне падалі шаўковую піжаму, мяккую падушку. У такіх шыкоўных умовах, калі параўнаць з турмой. Увогуле, я не магла заснуць ад мноства інфармацыі. Я адразу “палезла” ў інтэрнэт, таму што там, у турме, быў інфармацыйны голад. Я нават не заснула – увесь час “прасядзела” у інтэрнэце ў гэтай піжаме”.

У Сьвятланы прафэсійная цікавасьць да інфармацыі –– яна паводле адукацыі журналіст. Яшчэ пад час вучобы на журфаку ўладкавалася ў “Новую газету Сморгони”. Гэтае незалежнае выданьне летась было зьліквідаванае ўладамі. Былы рэдактар і заснавальнік тыднёвіка Рамуальд Улан ня думаў, што Сьвета апынецца на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

(Улан: ) “Ведаеце, для мяне гэта было крыху нечакана. Я яе ведаў спакойнай, памяркоўнай дзяўчынай. Гэта сьмелы ўчынак. Я вельмі ганаруся тым, што яна зрабіла. Я яшчэ раз скажу, што для мяне гэта ў нейкім сэнсе неспадзявана было. Яна больш культурніцкія тэмы асьвятляла. Не гарачыя, не канфліктныя. Установы культуры – “ціхія” тэмы. Я ня думаў, што яна такі сьмелы чалавек. Гэта трэба мець грамадзянскую сьмеласьць, каб апынуцца ў тым “гарадку”.

Багдан, малодшы сын вядомага гісторыка й пісьменьніка Ўладзімера Арлова, трапіў за краты на 10 сутак разам з усімі абаронцамі лягеру. Цяпер ён з усьмешкай успамінае, як байцы крычалі “разойдитесь”, пры тым што лягер быў ачэплены. Але тады чамусьці не сьмяялася... Сёньня ж – зусім іншы настрой:

(Б.Арлоў: ) “Мы так селі і прыкінулі: ну, дык ці перавыхаваліся мы? І прыйшлі да высновы: не, нічога ў нашых галовах не зьмянілася. Наадварот, упэўніліся, што гэта наша пазыцыя. І дзесяць сутак, і 365 сутак, і 859 сутак яе ўсё роўна ня зьменяць”.

Пасьля свайго вяртаньня на волю з турмы на Акрэсьціна Багдан Арлоў часта чуе ад знаёмцаў: “Ну, і які вынік вашага супраціву, сядзеньня за кратамі?”

(Б.Арлоў: ) “Галоўным вынікам вулічнага супрацьстаяньня сталася рэвалюцыя, якая, як бы ні банальна прагучала, адбылася ў сьвядомасьці вялікай часткі людзей. Пра гэта мне неаднаразова казалі знаёмыя, сябры і незнаёмыя таксама: яны былі ўражаныя, колькі людзей думаюць, як і яны. Гэта галоўны вынік. А тое, што зараз не праходзіць ніякіх вулічных акцыяў... Гэта можна сьпісаць і на мэнталітэт беларусаў. Для іх было ўжо вялікім учынкам проста прыйсьці на плошчу. Канкрэтныя вынікі? Ніколі ня ведаеш, што адбудзецца заўтра. Калі няма спадзяваньняў, то навошта жыць?!”

Муж з жонкай Зьміцер Паўлавіцкі і Насьця Мілаванава адсядзелі ў турме на Акрэсьціна пяць і дванаццаць сутак адпаведна. Пра гісторыю свайго арышту і ягоныя ўрокі расказвае студэнтка-выдатніца тэхналягічнага ўнівэрсытэту сталіцы Насьця:

(Мілаванава: ) “Схадзілі мы з мужам у ГУМ… Падарунак для сястры выбралі. Да вучобы заставалася гадзіна, вырашылі прагуляцца да плошчы Перамогі. Ну і дагуляліся. Падышлі людзі ў цывільным. І яны ж нас адвезьлі на Акрэсьціна. І ўсё, прыпаялі артыкулы. Да гэтага я палітычнымі пытаньнямі не цікавілася. Ніяк! Пакуль не пасадзілі туды, дзе даведалася шмат новага. Высновы: усё робіцца па ўказцы, уся сыстэма правасудзьдзя ў нас прынцыпова адсутнічае. Міліцыянты самі поўныя “беспредельщики”...

Зьміцер Паўлавіцкі кажа, што палітыку Лукашэнкі ніколі не вітаў, але й пратэставаць на Кастрычніцкай плошчы не зьбіраўся. І тым ня менш, за турму… дзякуе! Тым, хто садзіў і хто ахоўваў.

(Паўлавіцкі: ) “Адсідка была сапраўды дзіўная. Вялікі дзякуй за тое, што мяне пазнаёмілі з такой колькасьцю разумных, інтэлігентных людзей. Ніводнага “адмарозка” ў камэры не было – толькі дастойныя людзі, з вышэйшай адукацыяй, прадпрымальнікі, студэнты... Да нас трапіў і чалавек з пратэстанцкай царквы, ад якога я шмат даведаўся пра адносіны ўладаў і рэлігійных рухаў на Беларусі”.

Сярод затрыманых і асуджаных – актывістка штаба Мілінкевіча, каардынатар інтэрнэт-праекту studenty.by, моладзевы лідэр Вольга Кузьміч. Разам зь сябрамі Вольгу затрымалі а 4-й гадзіне раніцы ў першую ноч намётавага лягеру. І адразу павезьлі на Акрэсьціна. Вольга кажа: вельмі пашанцавала, што іх ня білі:

(Вольга: ) “Мы апошнімі былі ў тым аўтобусе, і нас ня білі. А тыя, каго затрымалі да нас, былі моцна зьбітыя – у крыві. І калі везьлі на Акрэсьціна, яны пачалі перажываць – як давезьці – мусіць, нейкай адказнасьці ўсё ж баяліся. Аднаго хлопца, моцна зьбітага, проста выкінулі з аўтобусу на прыпынку, папярэдзіўшы: калі яшчэ раз прыйдзеш – проста заб’ем”.

На 10-я суткі знаходжаньня ў Акрэсьціна людзі, якія назваліся супрацоўнікамі МУС, правялі так званую “ідэалягічную гадзіну” з адзінаццацьцю затрыманымі ў часе пасьлявыбарнага пратэсту. Сярод іншага, маладзёнаў запыталіся: “Як на Вас паўплывала пазбаўленьне свабоды на 10 дзён – Вы перагледзелі свае інтарэсы і погляды?”

(Вольга: ) “Адзін хлопец-студэнт адказаў яму: “Ведаеце, я палітыкай не цікавіўся і не займаўся – жыў сабе, займаўся нейкімі сваімі справамі. Але пасьля таго, як я тут адседзеў 10 сутак ні за што, калі мяне схапілі, нейкіх левых людзей у якасьці сьведкаў на суд прыцягнулі, якія левыя сьведчаньні казалі... Цяпер мая пазыцыя вельмі акрэсьленая – і ўсё, што адбылося, толькі падштурхоўвае!”
XS
SM
MD
LG