Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вачыма замежжа: хроніка тыдня


Радыё Свабода Падзеі ў Беларусі ў ацэнках палітыкаў і прэсы за мяжой – хроніка тыдня.

10 красавіка, панядзелак

У Люксэмбургу Рада Эўрапейскага Зьвязу зацьвердзіла сьпіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за ўдзел у фальсыфікацыях вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. У сьпісе – 31 асоба на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Міністар замежных справаў Чэхіі Цырыл Свобада, прыхільнік жорсткай лініі адносна афіцыйнага Менску, заявіў, што хацеў бы больш жорсткіх мераў.

(Свобада: ) "Мы ўсе пагадзіліся зь мерамі, якія мы зацьвердзілі сёньня. Але паўтаруся, што я асабіста ня цалкам задаволены прынятым рашэньнем, паколькі сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, занадта кароткі, і, на мой погляд, нам трэба ўключыць яшчэ некалькі асобаў у гэты сьпіс".

Заходнія сродкі масавай інфармацыі працягвалі камэнтаваць прамову Аляксандра Лукашэнкі ў часе ягонай трэцяй інаўгурацыі.

Нямецкае інфармацыйнае агенцтва DPA: “Дзяржаўны апарат вырашыць праблемы людзей, жыцьцё ў вёсцы стане больш камфартабэльным, павялічацца даходы насельніцтва”, – усе гэтыя і іншыя абяцаньні беларускага прэзыдэнта ёсьць поўным наборам з прамоваў на колішніх зьездах КПСС”.

11 красавіка, аўторак

Заходнія палітыкі працягваюць камэнтаваць санкцыі, якія ўвёў супраць беларускіх чыноўнікаў Эўрапейскі Зьвяз. Прадстаўнікі новых краінаў-сяброў Эўразьвязу выказваюць незадаволенасьць мяккасьцю рашэньня. Так, літоўскі палітык Эмануэліс Зінгірэс, заявіў, што "31 чалавек – гэта, вядома, не дастаткова, але гэта досыць пераканаўча для першага кроку. Гэта – першы сур''ёзны сыгналь рэжыму ў Беларусі".

А вось меркаваньні амэрыканскай і эўрапейскай прэсы.

“New York Times”: “Эўропа зачыняе дзьверы перад беларускім прэзыдэнтам і яшчэ 30 чыноўнікамі. Гэта – пакараньне за фальсыфікацыю вынікаў выбараў і задушэньне пратэстаў пасьля іх. Эўрапейцы яшчэ раз паўтарылі, што будуць падтрымліваць беларускую апазыцыю і незалежныя сродкі масавай інфармацыі”.

“Wall Street Journal”: “Забарона на ўезд у Эўразьвяз уводзіцца ўпершыню для кіраўніка суседняй са Зьвязам дзяржавы… Раней такія забароны тычыліся лідэраў Зімбабвэ і Мьянмы (Бірмы)”.

“Washington Post”: “Увядзеньне санкцыяў у значнай ступені сымбалічны жэст. Злучаныя Штаты далі зразумець, што гэтаксама ўвядуць забарону на ўезд для беларускіх чыноўнікаў улучна з Аляксандрам Лукашэнкам”.

“Irish Times”: “Пакуль ня будуць замарожаныя рахункі асобаў са сьпісу неўяздных, аднак Эўразьвяз папярэдзіў, што гэта можа быць зроблена, магчыма, ў наступным месяцы”.

“Gazeta Wyborcza”: “Польшча хацела, каб гэты сьпіс быў шырэйшы прынамсі яшчэ на 70 прозьвішчаў – так, як гэта зрабіла сама Варшава… Гэта занадта слабы адказ на масавае зьбіцьцё, арышты і перасьлед у Беларусі”.

З нагоды інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін генэральны сакратар “Міжнароднай амністыі” Айрын Кан накіравала ліст кіраўніку Беларусі. У звароце падкрэсьліваецца: нягледзячы на тое, што Беларусь ёсьць краінай, якая падпісала Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, у ёй назіраюцца шматлікія выпадкі парушэньня правоў чалавека. Адрасат заклікае таксама да правядзеньня незалежнага дасьледаваньня лёсу зьніклых грамадзкіх дзеячоў і палітыкаў і пакараньня адказных за гэтыя злачынствы.

12 красавіка, серада

Да санкцыяў Эўрапейскага Зьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, далучылася і Швайцарыя. Прадстаўнік Фэдэральнага дэпартамэнту замежных справаў Швайцарыі Жан-Філіп Жэнэро патлумачыў, што рашэньне швайцарскіх уладаў не пускаць на сваю тэрыторыю гэтых беларускіх чыноўнікаў, зьвязанае з “адсутнасьцю свабоды ў гэтай былой савецкай рэспубліцы”.

У Варшаве ў часе сустрэчы са старшынёй рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце ЗША Білам Фрыстам маршалак Сэйму Богдан Барусэвіч адзначыў, што “найвялікшая праблема ў міжнародных дачыненьнях для Польшчы – гэта цяперашняя сытуацыя ў Беларусі, дзе парушаюцца правы чалавека”. Сэнатар Біл Фрыст у сваю чаргу падкрэсьліў, што “амэрыканскі народ цэніць унёсак Польшчы ў падтрымку незалежніцкіх рухаў ва Ўсходняй Эўропе”.

Аналізуючы палітычную і эканамічную сытуацыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, бальшыня міжнародных аглядальнікаў і экспэртаў пагаджаюцца, што палітычную будучыню Лукашэнкі азмрочвае рэальная небясьпека эканамічных цяжкасьцяў. Брытанскі эканаміст Сьцюарт Генсэль з аналітычнага аддзелу брытанскага часопісу "Economist" лічыць, што беларуская стабілізацыя і эканамічны рост цалкам залежныя ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў. На ягоную думку, беларуская эканоміка ня вытрымае цэнавага шоку, бо Лукашэнка адмовіўся ад эканамічных рэформаў.

(Генсэль: ) “Ягоная эканамічная палітыка не падахвочвае да інвэстыцыяў і рэструктурызацыі, якія неабходныя для істотнага росту. Праблема ва ўсёй ягонай палітычнай мадэлі і ў тым, што ён можа поўнасьцю кантраляваць толькі цяперашнія эканамічныя структуры. Гэта азначае жорсткі дзяржаўны кантроль”.

13 красавіка, чацьвер

У Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы прайшлі тэрміновыя дэбаты па Беларусі. Парлямэнцкая Асамблея прыняла рэзалюцыю, у якой прэзыдэнцкія выбары ў краіне прызнаныя недэмакратычнымі, а вынікі выбараў — сфальшаванымі. ПАРЭ заклікае беларускія ўлады правесьці паўторныя выбары, папярэдне зьмяніўшы выбарчае заканадаўства. Прапанавана таксама пашырыць санкцыі Эўразьвязу, да сьпісу пэрсонаў нон-грата ўжыць яшчэ такія санкцыі, як замарожваньне рахункаў беларускіх афіцыйных асобаў. Асамблея заклікала таксама Расею “тэрмінова спыніць падтрымку нелегітымнага рэжыму”.

14 красавіка, пятніца

У Вільні адбылася сустрэча прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса з удзельнікамі акцыяў пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, а таксама зь Ірынай Казулінай, жонкай былога кандыдата ў прэзыдэнты, і старшынём Аб''яднанай Грамадзянскай Партыі Анатолем Лябедзькам. Прэзыдэнт Літвы падтрымаў ініцыятыву стварэньня міжнароднага грамадзкага суду над беларускім рэжымам і ідэалёгіяй лукашызму.

У гэты ж дзень у літоўскім парлямэнце адбылася міжнародная канфэрэнцыя на тэму “Беларусь пасьля выбараў: што далей?”. Яе ўдзельнікі называлі канкрэтныя крокі, якія павінны быць зробленыя дзеля падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці і дзеля таго, каб ад палітычнай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі не пацярпелі звычайныя грамадзяне Беларусі.

Уплывовы аналітычны тыднёвік “Jane''s Defense Weekly” апублікаваў артыкул пра магчымыя транзытныя пастаўкі расейскай ракетнай зброі праз Беларусь у Іран. Падазрэньні аналітыкаў часопіса базуюцца на нядаўняй дамове аб продажы Беларусі расейскіх комплексаў сэрыі С-300, якія, як мяркуюць аналітыкі, і могуць неўзабаве трапіць у Іран. Аналіз часопісу “Jane''s Defense Weekly” грунтуецца перш за ўсё на зьвестках выведкі і інфармацыі з надзейных крыніцаў. Амэрыканскія аналітыкі пішуць, што любая прыкмета вельмі рызыкоўнага ракетнага кантракту Менску з Тэгеранам будзе пільна дасьледавацца з боку Захаду.
XS
SM
MD
LG