Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Браніслаў Ржэўскі


Уладзімер Арлоў, Менск 25.3.1905, в.Добрыцкае (цяпер Барысаўскі раён) – 10.2.1980, Горадня

Браніслаў нарадзіўся 25 сакавіка. Гэта здарылася яшчэ да таго часу, калі ў нашым календары зьявіўся Дзень Волі, але ідэалы нацыянальнага вызваленьня натхнялі Ржэўскага ўсё жыцьцё.

У гады Другой сусьветнай ён стварыў і ўзначаліў дывэрсійную групу, якая трымала сувязь з савецкімі партызанамі. Па вайне Браніслаў абараніў прысьвечаную творчасьці Максіма Танка кандыдацкую дысэртацыю і выкладаў беларускую літаратуру ў Гарадзенскім пэдінстытуце. Ён быў зь ліку тых, хто паверыў, што сьмерць Сталіна прывядзе да кардынальных зьменаў у грамадзтве. Гэтая вера вылілася ў шматлікія звароты, якія Ржэўскі пасылаў у сярэдзіне 1950-х у беларускія газэты й установы, пратэстуючы супраць русыфікацыі ды іншых парушэньняў у нацыянальнай палітыцы. Заявы пра стан нацыянальнай школы пісалі й студэнты, сярод якіх Ржэўскі быў надзвычай папулярны. Любоў моладзі таксама будзе ўлічаная гэбістамі пад час расправы.

У лютым 1957-га людзі ў цывільным забралі Браніслава проста на лекцыі. Пры ператрусах у яго знайшлі колішнія заходнебеларускія антысавецкія выданьні Францішка Аляхновіча й ксяндза Адама Станкевіча, а таксама ўласныя вершы арыштаванага, у якіх ён называў Сталіна Нэронам і Чынгізханам, заклікаючы беларусаў змагацца за вызваленьне.

Свой прысуд – 7 гадоў лягераў – Ржэўскі атрымаў якраз тады, калі дзесяткі тысяч вязьняў выходзілі адтуль на волю. Але гэта не зламала: і з-за калючага дроту Дуброўлягу ў Мардовіі ён працягваў сваю кампанію пэтыцыяў.

Пасьля вяртаньня Ржэўскага на волю КДБ не пакінула яго ў спакоі: за домам вёўся нагляд, шлях да выкладаньня ў вышэйшай школе быў закрыты, друкаваць літаратуразнаўчыя артыкулы й рэцэнзіі забаранілі. Ён памёр у глухую брэжнеўскую пару, так і не дачакаўшыся слова праўды. Пры канцы 1980-х часопіс “Крыніца” ўпершыню надрукаваў ўспаміны пра Ржэўскага, жыцьцё якога абвяргае культываваны пры Машэраве й ягоных наступніках міт, нібыта ў Беларусі ў паваенныя часы не існавала ні палітвязьняў, ні барацьбы за нацыянальныя правы.
XS
SM
MD
LG