Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін: “Кааліцыя павінна будавацца на раўнапраўнай аснове”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Жодзінскай турме з Аляксандрам Казуліным сустрэўся ягоны адвакат Ігар Рынкевіч. Празь яго былы кандыдат на прэзыдэнта перадаў на волю шэраг палітычных заяваў.

Сёньня адвакат Ігар Рынкевіч сустрэўся са сваім падабаронным Аляксандрам Казуліным, які ад 25 сакавіка знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Адвакат ацаніў здароўе і настрой палітыка як добрыя. У крымінальнай справе спадара Казуліна, паводле адваката, “цішыня” -- сьледчыя дзеяньні пакуль не праводзяцца. А вось што да палітычнай актыўнасьці экс-кандыдата на прэзыдэнта, то яна не спадае, кажа Ігар Рынкевіч. Адвакат нагадаў, што ягоны падабаронны спрабаваў абскардзіць у Вярхоўным судзе вынікі мінулых выбараў, якія ён лічыць сфальшаванымі, але ягоную скаргу нават не сталі разглядаць. З гэтага Аляксандр Казулін зрабіў пэўныя высновы адносна судовай сыстэмы.

(Рынкевіч: ) “Ён сказаў, што на асабістым прыкладзе дэманструе нікчэмнасьць судовай сыстэмы Беларусі. Ён пераканаўся, што заявы пра тое, нібыта ўлада і законы працуюць на чалавека, насамрэч ёсьць фальшывымі”.

Паводле Аляксандра Казуліна ў выніку мінулых выбараў зьмянілася беларускае грамадзтва, і гэтыя зьмены – не на карысьць правячага рэжыму.

(Рынкевіч: ) “Казулін мяркуе, што адбылася рэвалюцыя ў сьвядомасьці людзей, у іх духоўнасьці, між тым рэжым паказаў, што з пункту гледжаньня права ён нелегітымны”.

Адвакат сказаў, што Аляксандр Казулін гатовы да ўступленьня ў новую дэмакратычную кааліцыю, але на пэўных умовах.

(Рынкевіч: ) “Ён мяркуе, што далей будзе разьвівацца рух “Воля народа” і вызначыцца фармат ўзаемадзеяньня сілаў дэмакратычнай кааліцыі. Паводле яго, відавочна, што ўзаемадзеяньне мусіць быць на новым узроўні, новая дэмакратычная кааліцыя мусіць будавацца на падставе раўнапраўя”.

Нагадаю, дэмакратычныя сілы, якія вылучылі сваім кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча, неаднаразова заклікалі Аляксандра Казуліна да аб’яднаньня. Той з гэтым пагаджаўся, але на падставе роўнасьці. Аляксандр Казулін лічыць, што за яго на выбарах было пададзена ня меней галасоў, чымсьці за Аляксандра Мілінкевіча. Паводле афіцыйных дадзеных за былога рэктара БДУ прагаласавала крыху болей за 2,2 % выбарцаў, за кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі – 6,1 %. Абодва кандыдаты аспрэчылі гэтыя вынікі.
XS
SM
MD
LG