Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Washington Post": падвойныя стандарты да двух дыктатараў з СНД


Валер Каліноўскі, Прага Амэрыканская газэта "Washington Post" сёньня апублікавала палемічны артыкул пра падвойныя стандарты для рэжымаў у Беларусі і Туркмэністане, выяўленыя апошнім часам Эўразьвязам. Паводле аўтара, ізалюючы Аляксандра Лукашэнку, Эўразьвяз прапануе эканамічныя выгоды для Сапармурата Ніязава.

На гэтым тыдні, піша "Washington Post", Эўразьвяз ухваліў крок да ізаляцыі Аляксандра Лукашэнкі, забараніўшы яму і 30 ягоным паплечнікам наведваць тэрыторыі 25 краінаў-сябраў Зьвязу.

Спадара Лукашэнку пакаралі за сфальшаваныя выбары 19 сакавіка, якія дазволілі яму застацца пры ўладзе, і арышты удзельнікаў акцыяў пратэсту. Хоць гэткі ціск Брусэлю і ня зможа паваліць менскі рэжым, Эўразьвяз прынамсі даў зразумець, што хоча ізаляваць дыктатара,– піша "Washington Post".

Адначасова з гэтым кіраўніцтва Эўразьвязу рыхтуецца да падпісаньня гандлёвага пагадненьня з Туркмэністанам, краінай Сапармурата Ніязава, альбо Тукмэнбашы Вялікага, – піша "Washington Post". Ніязаў мае абсалютную ўладу, насадзіў культ сваёй асобы і так рэпрэсуе свой народ, што на ягоным фоне спадар Лукашэнка выглядае Аляксандрам Малым.

Спадар Ніязаў не клапоціцца пра фальшаваньне выбараў, бо ён абвешчаны пажыцьцёвым прэзыдэнтам. У яго няма апазыцыі, якую можна было б арыштоўваць, бо ўсе дысыдэнты ўжо у турмах, у выгнаньні альбо ў псыхушках. Ён перайменаваў назвы месцаў у свой гонар і гонар сваёй маці, закрыў шпіталі па-за межамі сталіцы, выкінуў зь бібліятэкаў усе кнігі, за выключэньнем сваіх.

Але спадар Ніязаў мае тое, чаго няма ў Лукашэнкі – прыродны газ, прычым у вялікай колькасьці. Частка яго экспартуецца ў Эўропу, і эўрапейскія ўрады, якія залежаць ад гэтага імпарту, апошнім часам падвысілі сваю цікавасьць да гэтага пастаўшчыка. Ці можа гэта патлумачыць запыт Эўракамісіі да Эўрапарлямэнту з просьбай зацьвердзіць новае гандлёвае пагадненьне, якое дае Туркмэністану самы спрыяльны статус у гандлі з Эўразьвязам.

Прадстаўнікі Эўразьвязу наўпрост не зьвязваюць праект гэтай дамовы з газам, а кажуць, што дыктатар зрабіў нядаўна пэўныя пазытыўныя крокі, такія, як дыялёг з Эўропай ў справе правоў чалавека, яны кажуць, што ізаляваць Ніязава не было б канструктыўна. Але спадар Лукашэнка можа і не паверыць такім тлумачэньням, заключае "Washington Post".

Гл.таксама • Рэакцыя ў Менску на артыкул у "Washington Post"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG