Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: кіраўніка штабу Мілінкевіча судзяць за перадвыбарчую агітацыю


Радыё Свабода Паўтара месяца таму, 28 лютага, загадчыца ідэалягічнага аддзелу Чыгуначнага райвыканкаму Віцебску склала пратакол на Хрыстафора Жаляпава, які нібыта незаконна ўстанавіў агітацыйны стэнд у цэнтры гораду. Сёньня гэта дакумэнт стаў прадметам судовай справы ў Чыгуначным райсудзе.

Упершыню падчас апошняй выбарчай кампаніі віцебскія чыноўнікі скарысталіся правам на складаньне адміністрацыйных пратаколаў у адпаведнасьці з 234-м артыкулам адміністрацыйнага заканадаўства: загадчыца ідэалягічнага аддзелу Чыгуначнага райвыканкаму Вольга Левіна абвінаваціла Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча, у незаконнай агітацыі за кандыдата.

Прэтэнзіі спадарыні Левінай грунтаваліся на тым, што Хрыстафор Жаляпаў паставіў агітацыйны стэнд каля дому №28 па вуліцы Леніна, а гэтае месца не было вызначанае райвыканкамам для агітацыі.

Судзьдзя Людміла Лакеенкава далучыла да справы тлумачэньні кіраўнікоў ЦВК і Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі пра тое, што агітацыя можа праводзіцца ў любым месцы, калі на гэта няма адмысловае забароны, і вярнула пратакол у Чыгуначны райвыканкам на дапрацоўку.

Паводле спадара Жаляпава, далейшае разьвіцьцё падзеяў можа выглядаць гэтак:

(Жаляпаў: ) “Дзейнасьць кіраўніка ідэалягічнага аддзелу Чыгуначнага раёну была скіраваная на тое, каб перашкодзіць нашай агітацыйнай кампаніі за Мілінкевіча. Зьвярніце ўвагу: справу сёньня не спынілі.

Суд даў зразумець, што проста пратакол быў складзены непісьменна, і мяне яшчэ можна прыцягнуць да адказнасьці, склаўшы іншы пратакол. А можна ўсё скасаваць — вырашыць, што выбары ўжо прайшлі, і выбралі таго, каго было трэба, і цяпер ужо можна не турбавацца!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG