Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка забароніць уезд у Беларусь нават бяз "чорных сьпісаў"


Радыё Свабода Сёньня Аляксандар Лукашэнка пасьля доўгага перапынку выправіўся ў рабочую паездку на Гарадзеншчыну. Ён зьняпраўдзіў чуткі пра кепскі стан свайго здароўя і заявіў, што кантралюе сытуацыю ў краіне.

Адносна ўведзеных Эўразьвязам візавых санкцыяў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што тым, хто працуе супраць Беларусі, будзе зачынены ўезд без усялякіх чорных сьпісаў.

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што бізнэс краінаў Балтыі не дазволіць згарнуць эканамічных дачыненьняў зь Беларусьсю. Ён спакойна ставіцца да заяваў кіраўнікоў асобных краінаў, што мяркуюць увесьці эканамічныя санкцыі адносна Беларусі: “Заяваў многа. Іх права заяўляць, але мы рэалісты і разумеем, што за гэтым стаіць. У краінах Эўропы і так досыць праблемаў, навошта ствараць новыя. Відаць, яны хочуць на гэтым зрабіць нейкі імідж і славу. Толькі слава тут дрэнная”.

Пра магчымае падвышэньне коштаў на расейскі газ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэтыя размовы выглядаюць сьмешна і гэта не да твару “Газпрому”. Паводле кіраўніка Беларусі, цяпер ідуць перамовы, яшчэ ніхто ня ведае, якой будзе цана на газ. Лукашэнка сказаў, што Беларусь мае з Расеяй міжнародную дамову і калі Расея зь яе выходзіць, то гэта зусім іншы выпадак. “Але Расея пра гэта не заяўляла”, — удакладніў Лукашэнка. Ён заявіў, што Расея не прапануе Беларусі пайсьці на нейкія саступкі ў саюзным будаўніцтве ў абмен на газ. “Я пакляўся: мы будзем ствараць саюз з Расеяй, але ў склад іншай краіны ўваходзіць ня маем намеру. Цяперашняе кіраўніцтва Расеі, напэўна, ужо разумее, што гэта — ня лепшы варыянт. Таму нас у склад Расеі ніхто ня гоніць і нейкіх абсурдных прапановаў замест газу ня ўносіць”, — заявіў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка перакананы, што расейскае кіраўніцтва ня пойдзе на сур’ёзнае падвышэньне цаны на газ для Беларусі. “Калі ж Расея, атрымаўшы нейкія дывідэнды ад падвышэньня цаны для Беларусі, вырашыць нейкія свае ўнутраныя праблемы, дзеля Бога — няхай коштам беларусаў паспрабуе вырашыць”, — сказаў кіраўнік краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG