Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым азіяцкі дыктатар адрозьніваецца ад эўрапейскага?


Радыё Свабода Аўтар артыкулу ў “Washington Post” зьвяртае ўвагу на тое, што Эўразьвяз па-рознаму ставіцца да аўтарытарных лідэраў: прынятыя санкцыі супраць прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі й ягонага атачэньня, але няма захадаў супраць прэзыдэнта Туркмэністану Сапармурада Ніязава.

Магчыма, гэта зьвязана з тым, што Туркмэністан мае вялікія запасы натуральнага газу, які экспартуецца ў Эўропу. Як ставяцца да такога падыходу беларускія палітыкі?

Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ўладзімер Нісьцюк лічыць, што Эўразьвяз, па вялікім рахунку, не ўжывае санкцыяў ні да Беларусі, ні да Туркмэністану. Забарона наведваць эўрапейскія краіны 31 беларускаму чыноўніку палітык называе “вартымі сьмеху”.

Што ж да эканамічных абмежаваньняў, дык іх не выкарыстоўваюць, паколькі гэта адмоўна адбілася б на саміх эўрапейскіх краінах, лічыць спадар Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Падставы, на якой будуюцца стасункі Эўразьвязу нават з такімі краінамі, як Беларусь і Туркмэністан, найперш зьвязаныя з эканамічнай зацікаўленасьцю. Я ўпэўнены, што Эўропа ня пойдзе на жорсткія эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, разумеючы, што празь яе цягам наступных пяці гадоў будуць ісьці і газ, і нафта, і электраэнэргія, і грузы... Самы кароткі шлях з Эўропы ў Расею, на ўсходні рынак — гэта Беларусь. Пакуль эканамічныя, геапалітычныя ды вайсковыя інтарэсы ляжаць на гэтай тэрыторыі, ніхто ня будзе ні да каго ўжываць санкцыяў”.

Уладзімер Нісьцюк пагаджаецца, што беларуская тэма гучыць у эўрапейскіх сталіцах значна часьцей за туркмэнскую, але зьвязвае гэта з геаграфічным становішчам Беларусі:

(Нісьцюк: ) “Усё ж Туркмэністан у іншым рэгіёне. І, як кажуць, у рамках іншай цывілізацыі. Таму такой увагі яму і не надаецца”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян перакананы, што Беларусь будзе і надалей разьвівацца, незалежна ад дзеяньняў Эўропы. А стаўленьне Эўразьвязу да Туркмэністану ён тлумачыць так:

(Касьцян: ) “Гэта таксама паказвае, што баяцца чапаць тыя краіны, якія не падпадаюць пад эканамічны ўплыў ЗША альбо Эўразьвязу. Заходняя Эўропа разьлічвае, што туркмэнскі газ ёй патрэбны, таму лепш пакуль памаўчаць”.

Уладзімер Нісьцюк падкрэсьлівае, што незалежна ад таго, будуць ці не ўжывацца санкцыі да беларускіх уладаў, беларусы мусяць самі вырашаць свой лёс:

(Нісьцюк: ) “Палітычныя пытаньні ў краіне могуць вырашыць толькі тыя людзі, якія тут жывуць. Разьлічваць на моцныя вонкавыя ўплывы, як мы пераканаліся за апошнія трынаццаць гадоў, не даводзіцца”.

Гл.таксама • Зьмест артыкулу "Washington Post"
XS
SM
MD
LG