Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць менчукі пра пагаршэньне стасункаў між Беларусьсю і Эўропай?


Радыё Свабода Эўразьвяз забараніў групе беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам уезд у краіны Эўразьвязу, а таксама заклікаў улады Беларусі правесьці паўторныя выбары. Афіцыйны Менск заявіў, што рыхтуе адэкватныя захады да эўрапейскай супольнасьці. Што кажуць людзі на вуліцах Менску пра пагаршэньне стасункаў паміж Беларусьсю й Эўропай?

(Карэспандэнтка: ) “Хто вінаваты ў пагаршэньні стасункаў паміж Беларусьсю й краінамі Захаду?”

(Юнак: ) “Вінаватая ўлада Беларусі й палітыка беларускай улады. Таму што яна скіраваная не на інтэграцыю й больш цесныя добрасуседзкія стасункі з краінамі Захаду, а на канфрантацыю. А яшчэ таму, што нашая ўлада эгаістычная. Яна толькі пра сябе думае”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што ў гэтым прэзыдэнт вінаваты — і толькі. Ён з усімі псуе дачыненьні: і з Захадам, і з Расеяй, і з усімі. Бо ён такі чалавек — толькі таму”.

(Спадар: ) “Прэзыдэнт, і больш ніхто. Бо ўсе дванаццаць гадоў так было: заціскаецца свабода слова, крытыкі, дабрабыту й іншага. Мой бацька ў 1917 годзе рабіў рэвалюцыю. Дык за што змагаліся? Усё перакулена!”

(Юнак: ) “Мне цяжка сказаць, але мне падаецца, што ўсё ж Расея. Бо яна падтрымлівае лукашэнкаўскі рэжым у Беларусі, гэта мы яшчэ раз пабачылі падчас выбараў. Ну й, зразумела, сам ён, бо гэта апошняя дыктатура ў Эўропе”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, хто вінаваты ў пагаршэньні стасункаў паміж Беларусьсю й Захадам?”

(Спадарыня: ) “Ой, адназначна беларускі рэжым. Бо ні віны беларускага народу, ні яшчэ каго я ня бачу”.

(Юнак: ) “Нашая ўлада — яна нецывілізаваная, а таму яна ня можа з цывілізацыямі нармалёвых стасункаў падтрымліваць. Нашыя чыноўнікі — яны дзікуны проста, вось і ўсё”.

(Спадар: ) “Паміж Беларусьсю й Захадам? Я толькі адно магу сказаць, што гэтыя сьпісы невыязных чыноўнікаў, яны малы эфэкт даюць. Лічу, што трэба карыстацца больш радыкальнымі мэтадамі. Хай бы не куплялі нафтапрадуктаў — вось гэта было б больш істотна”.

(Юначка: ) “Ва ўсім вінаватая ўлада нашая, што ў нас гэткія кепскія дачыненьні з Эўропай. У нас толькі добрыя стасункі з Расеяй, але мы супраць аб’яднаньня, бо мы станем расейскай губэрняй. Мы гэтага вельмі моцна ня хочам. Мы хочам быць незалежнай краінай, і мы хочам быць у Эўропе”.

(Юнак: ) “Вінавата, канечне ж, нашая ўлада і Лукашэнка. Чаму яму не падабаецца Эўропа, чаму яму не падабаецца той склад, які там ёсьць, я ня ведаю. Пэўна, ён жадае, каб толькі яму ўсе падпарадкоўваліся. Але гэта ўжо немагчыма. Нам патрэбная свабода”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG