Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З пятніцы на чыгуначных станцыях “Калодзішчы” і “Шабаны”... пад узмоцненай аховай унутраных войскаў стаяць эшалоны з імпартнай гарэлкай” (1996)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 14 красавіка. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.

“Беларуская крыніца”, 1926 год. Пра “Студэнцкую думку”:

“Выйшла з друку і прадаецца студэнская часопісь за мес. сакавік пад указаным вышэй назовам. Калі ня лічыць пару стацей навучнага характару, увесь зьмест сшытка, асабліва яго літаратурная часьць, можа быць вельмі даступна і для шырокіх масаў вёскі. Дзеля гэтага радзім нашым чытачом пацікавіцца “Студэнскай думкай”, якая зьмяшчае 32 старонкі друку; каштуе 1 зл.”.

“Беларус”, 1966 год. За подпісам Раіса:

“Калі нясьведамы, неасьвечаны Беларус ня дбае пра тое, каб ягоныя дзеці гаварылі пабеларуску, ці не пераймаецца лёсам беларускай арганізацыі — дык яму гэта канец канцоў можна выбачыць. Але калі асьвечаны й сьведамы Беларус складае аружжа й здае свае пазыцыі толькі таму, што ягоныя праўнукі, паводля яго, і так ня будуць ведаць пра Беларусь, дык яму гэта так лёгка не даруецца, бо ягоны грэх ёсьць сьведамы”.

“Свабода”, 1996 год:

“Пачынаючы з пятніцы (5 красавіка) на чыгуначных станцыях “Калодзішчы” і “Шабаны” каля Мінска, а таксама ў Гродна і Магілёве пад узмоцненай аховай унутраных войскаў стаяць эшалоны з імпартнай гарэлкай… Пікантнасць сітуацыі ў тым, што тавар належыць добравядомай фірме “Торгэкспо”, якая знаходзіцца пад патранажам самога Лукашэнкі… Усяго, па нашых звестках… затрымана і ўзята пад ахову больш за 300 вагонаў. У Міністэрстве ўнутраных спраў і мытных органах пацвярджаюць факт затрымкі груза “Торгэкспо”.
XS
SM
MD
LG