Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Кузьміч: “Зьбітага хлопца проста выкінулі з аўтобусу, папярэдзіўшы: прыйдзеш яшчэ раз – заб’ем”


Радыё Свабода Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне, зьбітыя ў часе тыдню пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Сярод іх – актывістка штаба Мілінкевіча, каардынатар інтэрнэт-праэкту studenty.by, моладзевы лідэр Вольга Кузьміч.

Разам з сябрамі Вольгу затрымалі а 4-й гадзіне першай раніцы намётавага лягеру. І адразу павезьлі на Акрэсьціна. Вольга кажа: вельмі пашанцавала, што іх ня білі:

(Вольга: ) “Мы апошнімі былі ў тым аўтобусе, і нас ня білі. А тыя, каго затрымалі да нас, былі моцна зьбітыя - у крыві. І калі везьлі на Акрэсьціна, яны пачалі перажываць – як давезьці – мусіць, нейкай адказнасьці ўсё ж баяліся. Аднаго хлопца, моцна зьбітага, проста выкінулі з аўтобусу на прыпынку, папярэдзіўшы: калі яшчэ раз прыйдзеш – проста заб’ем.”

Людзей, якія выступалі ў судзе ў якасьці сьведкаў, Вольга бачыла ўпершыню. Іхныя словы розьніліся як паміж сабой, гэтак і з сутнасьцю пратаколу затрыманьня. Са словаў аднаго са сьведкаў, Вольга быццам бы была адна.

(Вольга: ) – “Судзьдзя сам яго запытаўся: дык чаму ж Вы менавіта на яе зьвярнулі ўвагу? Адказ быў ашаламляльны: “Она была какая-то возбужденная”. У судзе нехта пажартаваў, - маўляў, як жа ж спэцназавец мог прайсьці спакойна міма самотнай узбуджанай дзяўчыны ўначы”.

Падчас утрыманьня ў Акрэсьціна Вольга прыйшла да высновы, што міліцыянты моцна розьняцца ад спэцназаўцаў.

(Вольга: ) “Сярод іх ёсьць цалкам адэкватныя людзі. Мне наагул шкада іх – гэтых міліцыянтаў-ахоўнікаў на Акрэсьціна – яны, лічы, ўсё жыцьцё бавяць у вязьніцы, нічога ня бачаць... Калі мы там знаходзіліся, – дык нашая прысутнасьць была нейкай прагалінай сьвету - не бамжы сядзяць, а прыгожыя дзяўчаты. Яны прыходзілі на працу – паголеныя, акуратныя, з парфумаю... Як на сьвята. Ну, і даведацца ад іх можна было хоць нешта – што на вуліцы адбываецца... Апошнія 2 гадзіны перад вызваленьнем былі самыя цяжкія. І мы ўжо ні ў чым сабе не адмаўлялі: крычалі “Луку на муку” і гэтак далей. І дзяжурныя ніяк не рэагавалі”.

Разам з Вольгай затрымалі ейнага сябра – Юрася Сідуна. Да Акрэсьціна яны ехалі разам, але далей адзін пра аднаго нічога ня ведалі. Ані прысуду – колькі каму сутак далі, ані дзе каго ўтрымліваюць. Распавядае Юрась Сідун:

(Юрась: ) “Міліцыянты абяцалі ўсе, але так ніхто і не даведаўся – што з Вольгай. І я ўсе гэтыя 10 сутак ня ведаў – што з Вольгай, у якой яна камеры, колькі сутак далі, і ці перадаюць у іхную камэру нейкія перадачкі, бо наша камэра была вельмі ізаляваная інфармацыйна – мы зусім нічога ня ведалі, што адбываецца звонку. Толькі калі мяне сустрэлі па вызваленьні сябры, я даведаўся, што праз гадзіну вызваляецца і Вольга”.

На 10-я суткі знаходжаньня у Акрэсьціна людзі, якія назваліся супрацоўнікамі МУС, правялі так званую “ідэалягічную гадзіну” з адзінаццацю затрыманымі у часе пасьлявыбарнага пратэсту. Сярод іншага, маладзёнаў запыталіся: “Як на Вас паўплывала пазбаўленьне свабоды на 10 дзён – Вы перагледзелі свае інтарэсы і погляды?”

(Вольга: ) “Адзін хлопец-студэнт адказаў яму: “Ведаеце, я палітыкай не цікавіўся і не займаўся - жыў сабе, займаўся нейкімі сваімі справамі. Але пасьля таго як я тут адседзеў 10 сутак ні за што, калі мяне схапілі, нейкіх левых людзей у якасьці сьведкаў на суд прыцягнулі, якія левыя сьведчаньні казалі... Цяпер мая пазыцыя вельмі акрэсьленая – і ўсё, што адбылося, толькі падштурхоўвае!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG