Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня прэзэнтуюць іранскі аўтамабіль, які будуць вырабляць у Беларусі


Радыё Свабода Сёньня ў пасёлку Абчак пад Менскам будзе прэзэнтаваны іранскі аўтамабіль маркі “Саманд”, масавую вытворчасьць якога на былым канвэеры “Форд-Юніон” мяркуецца пачаць ад наступнага месяца. Кіраўнік праекту Аляксей Ваганаў расказаў, што ў пэрспэктыве мадэльны шэраг будзе складацца ня толькі з легкавікоў, але і спэцмашынаў.

У Абчаку чакаюць трэцяга прышэсьцья бізнэсоўца Аляксей Ваганава. Пры канцы 1990-х тут ужо быў безвынікова згорнуты “праект стагодзьдзя” сумесна з амэрыканскай карпарацыяй “Ford”: арыентаваныя на расейскі рынак фордаўскія легкавікі “Escort” і мікрааўтобусы “Transit” беларускай зборкі аказаліся непад’ёмнымі ў коштах. Не знайшла вялікага энтузыязму пачатая ў 2003-м вытворчасьць малатанажных аўтамабіляў “Люблін-3”. Цяпер стратэгічным партнэрам Ваганаў абраў кампанію “Iran Khondro” – вытворцу аўтамабіляў на базе папулярных францускіх марак “Peugeot”. Спадар Ваганаў перакананы, што гэтая спроба будзе мець большы плён: маўляў, мадэльны шэраг значна большы, чым у выпадку з “фордам”.

(Ваганаў: ) “Мы робім прэзэнтацыю для прэсы і тэст-драйв для журналістаў. Пакажам тыя праекты, якія бліжэйшым часам будуць рэалізаваныя на заводзе. І гэта ня толькі легкавы аўтамабіль, але і машына “хуткай дапамогі”, і машына для інвалідаў упершыню ў Беларусі будзе пастаўленая на канвэер”.

Вытворчасьцю іранскіх аўтамабіляў будзе займацца сумеснае прадпрыемства “Юнісон” – пераемнік “Форд-Юніон”. Асноўную масу аўто будзе складаць “Саманд” з аб’ёмам рухавіка 1,8 літра, выраблены на базе “Пежо-405”. Меркаваны кошт – 10-12 тысячаў даляраў, што не зусім адпавядае разуменьню “народнага аўтамабіля”. У гэтым зьвязку экспэртаў цікавіць: ці ўдасца вырашыць праблему акліматызацыі “Саманда” да беларускіх умоваў? Андрэй Швайч, дарадца спадара Ваганава ў “Юнісоне”, удакладняе: паказаны сёньня аўтамабіль сабраны не ў Беларусі, а ў Іране. Беларускія “Саманды” пачнуць сыходзіць з канвэеру крыху пазьней.

(Швайч: ) “Гэта будзе проста паказ гатовай мадэлі. Пакажуць самі машыны, але ў прынцыпе вытворчасьць думаецца пачаць пры канцы траўня-напачатку чэрвеня, таму што замовы на машынакамплекты ўжо пайшлі”.

Патэнцыйныя ўладальнікі беларускіх “Самандаў” не ў захапленьні перасесьці на экзатычныя, ня бачныя раней аўтамабілі. Прынамсі, падлетак, які лічыць сябе эрудытам у аўтаназвах, дагэтуль пра “Саманд” нічога ня чуў.

(Карэспандэнт: ) “На якой бы ты хацеў машыне езьдзіць, як вырасьцеш?”.

(Падлетак: ) “Рэно-Лагуна” 1996 году”.

(Карэспандэнт: ) “А ты ведаеш што-небудзь пра іранскія машыны “Саманд”, якія зьбіраюцца вырабляць у Беларусі?”.

(Падлетак: ) “Не, ня чуў раней нават. Але я ведаю практычна ўсе маркі: “Аўдзі”, “Фальксвагэн”, “Мэрсэдэс”, “Фэрары”, “Ламбарджыні”.

(Карэспандэнт: ) “А “Саманд?”.

(Падлетак: ) “Не, ня чуў”.

(Спадар: ) “Пра што вы гаворыце? Іранскія машыны? Дык яны ж у першыя маразы ў нас “ляснуцца”.

(Хлопец: ) “Думаю, што гэта нейкая афёра. Чаму тады не ініцыяваць выпуск аўтамабіляў эўрапэйскай выьворчасьці?”.

Напачатку 1990-х бізнэсовец Андрэй Клімаў абвясьціў конкурс на першы нацыянальны беларускі аўтамабіль. Аднак рэалізаваць свае задумы не дала новая палітычная сытуацыя. Цяпер спадар Клімаў перакананы: праекты, якія рэалізуюцца ў так званых Свабодных эканамічных зонах, нябездакорныя.

(Клімаў: ) “Пытаньне ў тым – а які абарот закладзены гэтым праектам? Якія капіталаўкладаньні ў гэта будуць? На сёньняшні дзень Беларусь сама ўяўляў белую пляму на эканамічнай мапе сьвету. Пра што ў такой сытуацыі можна гаварыць увогуле? Пра якую свабодную эканамічную зону йдзе гаворка?”.

Пераважную большасьць аўтамабіляў “Саманд” плянуецца пастаўляць у Расею. На прадпрыемстве кажуць, што з цягам часу геаграфія паставак пашырыцца. Аднак з улікам цяперашняга стутусу Ірану на міжнародным рынку, наўрад ці намеры кіраўніцтва Ірану наладзіць экспансію сваіх тавараў праз іншыя краіны будзе мець вялікі плён.
XS
SM
MD
LG