Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая роля людзей з рэгіёнаў у падзеях 19-25 сакавіка?


Вячаслаў Кулік, Менск Перад прэзыдэнцкімі выбарамі, падчас гвалтоўнага разгону намётавага гарадку й акцыі 25 сакавіка былі арыштаваныя ды асуджаныя амаль тысячу чалавек. Паводле экспэртаў Беларускага Хэльсынскага камітэту й незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна”, каля паловы гэтых людзей прыехалі ў Менск з усіх абласьцей краіны. Ролю рэгіёнаў у падзеях 19-25 сакавіка дасьледуе наш карэспандэнт

Увечары 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пачалі зьбірацца тыя, хто абвінавачвалі ўлады ў фальсыфікацыі выбараў. Сярод іх было й шмат людзей з рэгіёнаў. Аднак яшчэ большую колькасьць зь іх міліцыі ўдалося затрымаць, спыніць, перахапіць на месцах альбо па дарозе ў сталіцу. Узгадвае жыхар Магілёву Алесь Асіпцоў:

(Асіпцoў: ) “19-га літаральна на кожным павароце стаялі ўзмоцненыя патрулі міліцыянтаў. А на аўтавакзалах й чыгуначным быў яшчэ й фэйс-кантроль”.

Далей жыхар Пінску Канстанцін Чувак расказвае як удалося патрапіць у Менск ягонаму сыну Эдуарду зь сябрамі.

(Чувак: ) “Іх траіх – сына майго й яшчэ дваіх -- выклікалі міліцыянты ў аддзел нібыта пагутарыць. Тэлефанавалі й казалі, што нічога страшнага ня будзе. Але калі на наступны дзень Цімоху Бадзевіча забралі з працы, то я папярэдзіў хлопцаў. Яны зьехалі. А сам наведаўся ў аддзел, каб высьветліць прычыны выкліку”.

У міліцыі на Канстанціна Чувака склалі пратакол, паводле якога ён атрымаў 6 сутак арышту. Сыну ўдалося далучыцца да акцыі ў Менску.

*** (Скандаваньне на плошчы: ) “Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!”

Першыя намёты на плошчы ў Менску зьявіліся ўвечары 21 сакавіка. Найперш гэта была справа энтузіястаў з рэгіёнаў, якія найчасьцей не атаясамлівалі сябе зь нейкімі апазыцыйнымі партыямі ці грамадзкімі арганізацыямі. Вось што паведаміў уначы 20 красавіка нашаму Радыё Аляксей Зельскі зь Віцебску.

(Зельскі: ) “Спачатку паставілі чатыры намёты. Толькі чатыры. Але іх забралі міліцыянты. Гэта атрымалася спантанна, бо намі ніхто не кіраваў. Пяць-сем чалавек, у якіх былі намёты, хавалі іх. Калі пачалі разгортваць, то ізноў падыйшлі міліцыянты, забралі іх. Але мы адразу паставілі новыя. Пасьля зьявілася кола нашай аховы. Іншыя намёты прынесьлі ўжо менскія жыхары, хто жыве побач”.

Гаварыў Аляксей Зельскі зь Віцебску. Жыхарка Магілёву Крысьціна Шацікава таксама была ў намётавым лягеры ад першага да апошняга дня й арганізавала яго ахову.

(Шацікава: ) “Тыя людзі, якія заставалі нанач, у большай частцы былі менавіта з рэгіёнаў. Не забывайце таксама, што сярод іх знаходзіліся прадстаўнікі Польшчы, Украіны, Расеі, Грузіі. З таго часу, як мы сталі на плошчы, гэта была тэрыторыя вольнай Беларусі”.

І яшчэ адна згадка:

(Салавей: ) “Напачатку ўсё адбывалася стыхійна. Мы нібыта канкрэтныя мэты не перасьледавалі”.

Малады жыхар Пінску Ігар Салавей заставаўся ў намётавым гарадку ад першага дня да моманту сілавога разгону. Ягоны зямляк Аляксандар Рамановіч -- таксама.

(Рамановіч: ) “Гэтая акцыя й для мяне першая. Але я загадзя рыхтаваўся. І нават калі стаяў на плошчы, то не зыходзіў паўтара сутак – гэта была ноч, пасьля дзень й зноў ноч”.

Аляксандар Рамановіч пераконвае, што дадатковыя сілы надавалі ўвага, падтрымка й спадзяваньні людзей, якія прыяжджалі на плошчу з усёй Беларусі. Зноў гучаць запісы, зробленыя на плошчы ў тыя дні.

(Савіных: ) “Я – Цімур Савіных – пастыр царквы “Новае Жыцьцё” ў горадзе Стаўпцы. Нам як грамадзянам Беларусі неабыякавы лёс нашага народу. Біблія нас вучыць праўду гаварыць. Мы верым, што пераможам. Ня сёньня, дык заўтра”.

(Першая спадарыня: ) “Я з Воршы прыехала. Я з партыі Зянона Пазьняка. Я лічу, што тут сабраліся самыя лепшыя людзі свайго народу. Сьвядомыя беларусы, якія жадаюць Свабоды”.

(Другая спадарыня: ) “Слуцкі раён, пасёлак Грэск. У кватэрах страшных жывём. Столі абвальваюцца”.

(Аляксандар: ) “Я прыяжджаю сюды з Мар”інай Горкі. Тут нават добра пабыць зь аднадумцамі. Асабліва тут файна вечарам. Вельмі шмат народу”.

(Юнак: ) “Назад дарогі адсюль няма”.

(Спадарыня: ) “Мы ня быдла! Мы – людзі!”

(Скандаваньне: ) “Ганьба! Ганьба! Ганьба!”

Жыхар Віцебску Уладзімер Шадэнка лічыць: у падзеях 25-га сакавіка прадстаўнікі рэгіёнаў дзейнічалі надзвычай актыўна. І тлумачыць гэта тым, што яны ехалі ў сталіцу здалёк ня толькі, каб паслухаць выступы, але галоўнае – зрабіць нешта канкрэтнае. Дамагчыся пэўнай мэты. Напрыклад, дабіцца права выступіць па Беларускім тэлебачаньні, каб данесьці народу праўду пра сваю пазыцыю. Таму калі прапанавалі ісьці на падтрымку палітвязьняў з Акрэсьціна, Аляксандар Шадэнка з энтузіязмам адгукнуўся на той заклік:

(Шадэнка: ) “Я быў у калёне. Пасьля дарогу перагарадзілі. А людзі ў шлемах і чорнай форме тупаюць, б”юць у шчыты й наступаюць. Накінуліся на мяне, пачалі лупцаваць. Памятаю, што загаласілі жанчыны: “Ай-я-яй! Забіваюць!”. А больш ніякіх успамінаў”.

Пазьней высьветліцца, што Уладзімер Шадэнка быў дастаўлены ў непрытомнасьці ў 4-ы сталічны шпіталь. Урачы аказалі першую дапамогу. А пасьля, як кажа пацярпелы, выставілі за вароты, не пакінулі аніякіх запісаў пра ягонае зьбіцьцё. Гэтаксама заставаўся таямніцай лёс арыштаваных...

Ля турмы на Акрэсьціна дні хваляваньня правёў вядомы пісьменьнік-гісторык Уладзімер Арлоў. Ягоны сын Багдан таксама трапіў у турму на Акрэсьціна.

(Арлоў: ) “Я лічу, што надзвычай важнай адметнасьцю падзеяў у намётавым гарадку на Кастрычніцкім пляцы, які мы назвалі пляцам Кастуся Каліноўскага, а таксама 25-га сакавіка, зьяўляецца тое, што там вельмі шырока ўдзельнічалі прадстаўнікі рэгіёнаў. Быў пратэст не толькі і ня столькі Менску. У намётавым мястэчку было напісана: “Полацак – з вамі!, “Пінск – з вамі!” Бабруйск, Баранавічы, Гомель... Бадай, упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі мы маем справу з такім шырокім удзелам прадстаўнікоў рэгіёнаў у дэмакратычных пратэстах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG