Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэра падазраюць у ўхіленьні ад службы ў войску


Любоў Лунёва, Менск Супраць актывіста вулічных апазыцыйных акцый Міхася Панкова супрацоўнікі міліцыі распачалі крымінальную справу. Яго падазраюць у ўхіленьні ад вайсковых абавязкаў. Міхася трымаюць пад вартай ад 11 красавіка.

Паплечнікі 23-гадовага Міхася Панкова толькі сёньня даведаліся, што яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску. Ад 11 красавіка ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Сябры Міхася лічаць, што хлопца затрымалі менавіта з прычыны ягонага актыўнага ўдзелу ў вулічных акцыях апазыцыі.

Кіраўнік аддзелу дазнаньня Андрэй Солтан паведаміў Радыё Свабода, што крымінальную справу супраць Міхася Панкова распачалі паводле зьвестак, якія даслалі ў міліцыю супрацоўнікі вайсковага камітэту Савецкага раёну. Паводле яго, крымінальная справа супраць Міхася Панкова не зьвязана з палітычнай актыўнасьцю выпускніка юрфаку. Сьледчы распавёў, што акрамя Міхася ў “чорным сьпісе” ёсьць прозьвішчы васьмі маладых людзей, якія ўхіляюцца ад службы ў войску.

(Солтан:) “Я абсалютна не зьвязваю Міхаіла Панкова ні зь якой палітыкай. Я абыякава стаўлюся да ягоных поглядаў на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь. У вайсковым камітэце ёсьць асабовая справа кожнага прызыўніка, паводле якой прызыўнік мусіць прайсьці працэдуру прызыву, якая, апроч пункту пра вайсковы абавязак, складаецца з шматлікіх пунктаў.”

Якую меру стрыманьня абярэ сьледства – падпіска пра нявыезд, альбо арышт – стане вядома 14 красавіка.

Аналягічная справа заведзена супраць актывіста незарэгістраванага моладзевага руху “Зубар” Мікіты Сасіма ў Баранавічах.
XS
SM
MD
LG