Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Тозік прызначаны паслом у Кітай (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў. Асобныя, блізкія да кіраўніка краіны чыноўнікі, атрымалі накіраваньні ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі ў іншых краінах. Тым часам Аляксандар Лукашэнка ўнёс у палату прадстаўнікоў прапанову аб падаўжэньні тэрміну паўнамоцтваў прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага.

Бадай, самым нечаканым можна лічыць накіраваньне ў Пэкін амбасадарам Беларусі ў гэтай краіне кіраўніка Дзяржаўнага камітэту кантролю Анатоля Тозіка. Пры канцы 2005 году ў складзе беларускай афіцыйнай дэлегацыі спадар Тозік наведаў Кітай і ад імя ведамства падпісаў шэраг пагадненьняў з кітайскімі калегамі. Фактычна да нядаўняга часу Тозік быў сярод палітычных даўгажыхароў. Ад 2000 году ён займаў пасаду галоўнага дзяржаўнага кантралёра, наводзячы страх як на прадстаўнікоў прэзыдэнцкай вэртыкалі, так і на прыватнікаў. 57-гадовы Тозік закончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэт, асьпірантуру і ў 1980-м – вышэйшыя курсы КДБ. Да 1994 году быў намесьнікам кіраўніка Інстытуту нацыянальнай бясьпекі КДБ Беларусі, дзе да нядаўняга часу выкладаў курс “Гісторыя спэцслужбаў”. Асноўныя навуковыя працы Тозіка прысьвечаныя пытаньням нацыянальнай бясьпекі і працы спэцслужбаў. Прафэсар, вайсковае званьне – генэрал-маёр. Да 2000 году – намесьнік Дзяржсакратара Савету Бясьпекі.

З нюансамі дзейнасьці Тозіка цягам апошніх шасьці гадоў сутыкнуліся сотні тысячаў гаспадарнікаў рознай формы ўласнасьці. Не без дапамогі Тозіка за кратамі апынуліся ранейшы кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, тагачасная кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова ды іншыя.

Зьмену месца працы былога галоўнага кантралёра шмат хто зьвязвае з Віктарам Шэйманам – старшынём Савету бясьпекі. Кажуць, што з-за складаных асабістых адносінаў паміж імі аднаму рана ці позна давялося б ад’ехаць у “ганаровую высылку”. Дарэчы, сьледам за спадаром Тозікам ад’едуць асвойваць новыя для сябе месцы працы і іншыя не кадравыя дыпляматы. Былы функцыянэр менскага гарвыканкама і амбасадар у Баўгарыі Аляксандар Герасіменка прызначаны надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Беларусі ў Латвіі, а былы віцэ-прэм’ер Ўладзімер Дражын па сумяшчальніцтву будзе выконваць функцыі амбасадара Беларусі ў Літве і Фінляндыі. Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць, што плён ад парцы навасьпечаных дыпляматаў будзе вельмі неістотны.

(Саньнікаў: ) “Тыя, каго прызначаюць – менавіта не кадравых дыпляматаў, а палітычных прызначэнцаў, – яны паводзяць сябе там даволі мякка. Галоўнай мэтай для іх – пацягнуць час свайго знаходжаньня. А для гэтага нельга сварыцца з уладамі той краіны. Таму відавочна, што і кантакты будуць абмежаваныя, і пра сур’ёзныя сустрэчы гаворкі няма. Бо што значыць быць амбасадарам у замежнай краіне? Гэта значыць – быць часткай дыпляматычнага корпусу. У дыпкорпусе адбываюцца сур’ёзныя размовы паміж тымі краінамі, якія маюць агульныя нейкія інтарэсы. З кім Беларусь з эўрапэйскіх краінаў мае агульныя інтарэсы? Амаль што ні з кім”.

Апроч дыпляматычных прызначэньняў Аляксандар Лукашэнка сёньня падпісаў шэраг іншых – ад кіраўніцтва вытворчых прадпрыемстваў “Белшына” і “Минсквтормет” да дзяржаўнага Камандна-інжынэрнага інстытуту і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Зноў запатрабаваны дэпутат Вярхоўнага савету 12 скліканьня Дзьмітрый Булахаў, які пасьля звальненьня з сакратарыяту СНД доўгі час ня мог працаўладкавацца. Зараз ён прызначаны памочнікам прэзыдэнта, паўнамоцным прадстаўніком кіраўніка краіны ў Нацыянальным сходзе. Апроч таго, Аляксандар Лукашэнка накіраваў у палату прадстаўнікоў парпанову аб падаўжэньні службовых паўнамоцтваў цяперашняга прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG