Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вінаваты ў тым, што пагоршыліся дачыненьні Беларусі з Эўропай?


Радыё Свабода Над гэтым пытаньнем разважаюць віцебскія мінакі. Апытаньне "Свабоды" ў Віцебску.

(Хлопец: ) “Хто вінаваты? Вінаватая дурная палітыка нашай дзяржавы — тое, што мы самаізалюемся ад усяго сьвету. І найперш у гэтым вінаваты наш прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка”.

(Спадар: ) “Напэўна, кіроўныя нашы, так сказаць, работнікі вінаватыя, урад. З-за ўраду нашага ўсё, гэта ж зразумела! Простыя беларусы тут ні пры чым. Ня мы ж робім палітыку!”

(Хлопец: ) “У гэтым вінаватае кіраўніцтва Беларусі. Тыя працэсы, што адбываюцца цяпер, — гэта антыдэмакратычныя працэсы. І рэжым, што існуе сёньня, ён ідзе на канфрантацыю з эўрапейскай супольнасьцю”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што пасьля выбараў у нас дачыненьні пагоршыліся з эўрапейскімі краінамі. Хаця й да таго яны не былі дужа добрыя, як на маё меркаваньне”.

(Спадар: ) “Вінаватыя ўлады ва ўсім! Гэта ж ні для каго не сакрэт, што ў нас прайшлі ашуканскія выбары. Гэта ж былі ня выбары — гэта зьдзек з народу. І Эўропа, вядома ж, іх не прызнала!”

(Спадар: ) “Узаемадачыненьні? Я пакуль што не заўважыў, каб яны пагоршыліся ці палепшыліся. Якія былі, такія й засталіся! Трыццаць чалавек ня будуць выяжджаць, і гэта — “пагоршыліся дачыненьні”? Тое, што робіць цяпер Захад, будзе мець сэнс толькі ў тым выпадку, калі самі беларусы будуць зьбіраць інфармацыю пра ўсе парушэньні, усе парушэньні ўладаў у краіне, а не замежнікі! Тады й тыя самыя чыноўнікі яшчэ падумаюць: выконваць ім бязглуздыя загады ці не выконваць!”

(Спадарыня: ) “Магло быць і горш. І трэба, каб было горш! Каго ў Эўропу не пускаюць? Ну, Ярмошына вось шкадуе, што мусіць адпачываць хіба што ў Турцыі... Што такое той 31 чалавек? Гэта хіба шмат? Вось каб чалавек трыста не пусьцілі! Усё ж рабілася тут, унізе, а не наверсе! Вось каб не пусьціць з кожнага гораду прадстаўнікоў — ідэолягаў галоўных, старшыняў камісіяў! А так — госпадзе, лухта якая!”
XS
SM
MD
LG