Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты й Звон Свабоды — чужыя помнікі для Міністэрства культуры?


Радыё Свабода Сёньня ў Нацыянальным прэс-цэнтры супрацоўнікі Міністэрства культуры, Інстытуту гісторыі Акадэміі навук й Беларускага фонду культуры расказвалі журналістам пра стан гістарычна-культурнай спадчыны ў Беларусі. Сустрэча адбылася напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных месцаў, які сёлета прыпадае на 18 красавіка.

Таксама сёньня на Радыё Свабода зьвярнуўся сябра Кансэрватыўна хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо. Ён паведаміў пра пакуль безвыніковыя шуканьні на тэрыторыі ўрочышча Курапаты мэталічнага вянку з мэмарыяльнага знаку лава Клінтана, які быў скрадзены некалькі дзён таму.

(Юхо: ) “Яго няма. Там сьляды ад аўтамабіля. Каб зьняць гэты вянок, трэба было мець адмысловы інструмэнт”.

Я агучыў на прэсавай канфэрэнцыі гэтае трывожнае паведамленьне. Аднак, са словаў намесьніка начальніка ўправы аховы гістарычна-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі Ігара Чарняўскага, помнікі ў Курапатах па-ранейшаму застаюцца для яго ведамства “чужымі”.

(Чарняўскі: ) “Наконт усталяваньня крыжоў і іншага ў Курапатах у Міністэрства культуры не было ніводнага звароту. Вы ведаеце, ёсьць артыкул 50-ты “Закону аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны”, дзе запісана, што любыя дзеяньні на такім аб’екце праводзяцца з дазволу Міністэрства культуры. Ніводнага звароту для ўсталяваньня чаго б там ні было ў Курапатах у Міністэрства культуры не было”.

На пытаньне, ці павінен быў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан зьвяртацца ў Міністэрства культуры па дазвол на ўстаноўку лавы Клінтана ў Курапатах, спадар Чарняўскі адказаў:

(Чарняўскі: ) “Роўна так, як Аляксандар Лукашэнка павінен быў бы выканаць заканадаўства Злучаных Штатаў Амэрыкі, калі б ён захацеў нешта зрабіць на адным з аб’ектаў Злучаных Штатаў Амэрыкі”.

Прадстаўнік Міністэрства культуры таксама ўхіліўся ад канкрэтнага адказу на другое пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода:

(Карэспандэнт: ) “Які лёс Звону Свабоды, вырабленага па праекце Аляксея Марачкіна і Алеся Шатэрніка?”

(Чарняўскі: ) “Напэўна, вам трэба зьвярнуцца ў тыя органы, што арыштавалі гэты звон”.

(Карэспандэнт: ) “А Міністэрства культуры цікавіць, што адбываецца з гэтым творам мастацтва?”

(Чарняўскі: ) “Ён ня быў прадстаўлены ў афіцыйным парадку ў Міністэрства культуры. У нас ёсьць манумэнтальная рада, якая ацэньвае творы мастацтва й надае ім пэўны статус. Нічога такога не адбылося”.

Нагадаю, што звон, які важыць больш за 110 кіляграмаў, адліты з бронзы. На ім — выява Пагоні й выказваньні славутых дзеячаў Беларусі. Арыштаваны ён 20 сакавіка ў Менску. 25 сакавіка на плошчы Свабоды, дзе калісьці стаяла царква Ўсіх Сьвятых Беларусі, ён павінен быў абвясьціць Дзень Волі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG